Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

небудзь пяць крокаў, пад пышным балдахінам, сядзеў малады кароль; трохі адвярнуўшыся і нахіліўшы галаву, ён гутарыў з нейкай райскай птушкай у выглядзе чалавека, — напэўна з якім-небудзь герцагам. Гендон глядзеў і думаў, што і без таго горка памерці ў росквіце сіл, а тут яшчэ гэтак цябе зневажаюць. Яму хацелася, каб кароль хутчэй выказаў свой прыгавор. У гэты момант кароль падняў галаву, і Гендон убачыў яго твар. Убачыў — і ў яго дух заняло! Як зачараваны, глядзеў ён, не спускаючы вачэй з гэтага прыгожага маладога твара; ён казаў сабе:

«Божа, гэта-ж на троне — уладар царства мараў і зданяў!»

Ён глядзеў на караля з незвычайным здзіўленнем і мармытаў няскладныя словы. Потым азірнуўся навакол, уважліва аглядаючы пышную публіку і раскошную залу.

«Але-ж гэта праўда! Гэта не сон, а сапраўднасць!» сказаў ён сабе.

Потым зноў глянуў на караля і падумаў:

«Сон гэта ці не?.. Няўжо ён сапраўды валадар Англіі, а не бяздомны звар’яцелы брадзяга, за якога я прымаў яго? Хто разгадае мне гэту загадку?»

Раптам яму ў галаву прышла надзвычай удалая думка. Ён падышоў да сцяны, узяў крэсла, паставіў яго пасярэдзіне і сеў!

Натоўп прыдворных загудзеў ад гневу; чыясьці грубая рука апусцілася яму на плячо, нечы голас усклікнуў:

— Грубіян, невук, як ты смееш сядзець у прысутнасці караля!

Шум прыцягнуў увагу яго вялікасці, ён працягнуў руку крыкнуў:

— Пакіньце яго, не чапайце: гэта яго права!

Здзіўленыя прыдворныя адскочылі. А кароль прадаўжаў:

— Няхай будзе вам вядома, лэдзі, лорды і джэнтльмены, што гэта мой верны і любімы слуга, Майлс Гендон, які сваім добрым мечам выратаваў свайго гасудара ад ран, а можа і ад смерці, і за гэта воляю караля пасвечаны ў рыцары. Ведайце таксама, што ён зрабіў яму яшчэ больш важную паслугу: ён выратаваў свайго гасудара ад бізуноў і ганьбы, прыняўшы іх на сябе, і за гэта прызначаны пэрам Англіі і графам Кенцкім, і ва ўзнагароду яму будуць дадзены багатыя маёнткі і грошы, адпавядаючыя яго высокаму стану. Больш таго, прывілея, якую ён толькі што скарыстаў, падаравана яму каралём і астанецца