Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

імі ішоў лорд-пратэктар і іншыя важныя саноўнікі, а за саноўнікамі — гвардзейцы, закованыя ў сталь ад ног да галавы.

Надышла мінута напружанага чакання; нарэшце па сігналу грымнула ўрачыстая музыка, і Том Кэнці, у даўгой мантыі з залатой парчы, з’явіўся ў дзвярах і падняўся на падмосткі. Увесь натоўп, як адзін чалавек, устаў, і пачалася цэрамонія каранавання.

Усё абацтва напоўнілася гукамі ўрачыстага гімна, і пад гукі гэтага гімна Тома Кэнці падвялі да трона. Адзін за адным адбываліся здаўна ўстаноўленыя абрады, велічавыя і ўрачыстыя, і гледачы прагна сачылі за імі; алечым хутчэй набліжаўся канец цэрамоніі, тым блядней рабіўся Том Кэнці, тым больш мучылася ад каяння яго душа.

Нарэшце надышоў апошні абрад. Архіепіскап кентэрберыйскі ўзяў з падушкі карону Англіі і падняў яе над галавой дрыжачага ўсім целам мнімага караля. У той-жа міг нібы вясёлка азарыла ўнутранасць сабора, бо ўсе дваране, як адзін чалавек, узялі свае каронкі, усклалі сабе на галовы і замерлі.

Абацтва напоўнілася няясным гулам. У гэту ўрачыстую мінуту раптам узнікла новая дзеючая асоба, якую раней ніхто не заўважыў. То быў хлопчык, з непакрытай галавой, у рваных чаравіках, у грубым плябейскім адзенні. З урачыстасцю, якая зусім не падыходзіла да яго бруднай вопраткі і нікчэмнага выгляду, ён падняў руку і крыкнуў:

— Забараняю вам ускладаць карону Англіі на гэту злачынную галаву! Я — кароль!

У адзін міг хлопчыка схапіла мноства абураных рук. Але Том Кэнці ў сваім царскім убранні скокнуў наперад і звонкім голасам крыкнуў:

— Адпусціце яго і не рушце! Ён, сапраўды, кароль!

Паніка ахапіла ўсіх прысутных; усе прыпадымаліся на сваіх месцах, пераглядаючыся, і разглядалі галоўных дзеючых асоб гэтай дзіўнай сцэны, нібы не разумеючы, ці ўяве яны гэта бачаць ці ў сне. Лорд-пратэктар быў здзіўлены не менш за іншых, але хутка схамянуўся і ўсклікнуў уладарным голасам:

— Не звяртайце ўвагі на словы яго вялікасці: да яго зноў вярнулася хвароба. Вазьміце брадзягу!

Яго паслухаліся-б, каб мнімы кароль не тупнуў нагой і не крыкнуў:

— Пад страхам смерці забараняю вам чапаць яго, ён — кароль!