Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тыя, сівыя, бадай стагоднія жанчыны, якія памятаюць каранаванне Рычарда III і яго трывожныя, даўно забытыя часы, і прыгожыя пажылыя дамы, і чароўныя маладзенькія жанчыны; ёсць і мілавідныя дзяўчыны з бліскучымі вачыма і свежымі шчакамі; лёгка можа стацца, што яны нават не здолеюць надзець сваіх усыпаных брыльянтамі каронак, калі прыдзе вялікая мінута: для іх гэта справа новая, і справіцца з хваляваннем ім будзе нялёгка. Але не, — мы жартуем, — гэтага не можа здарыцца, бо ва ўсіх гэтых дам прычоска зроблена такім чынам, каб можна было па першаму сігналу хутка і беспамылкова пасадзіць каронкі на належнае месца.

Мы ўжо казалі, што прыгожа ўбраныя лэдзі ўсыпаны брыльянтамі, мы ўжо ведаем, што гэта відовішча надзвычай прыгожае, аднак сапраўдныя цуды яшчэ наперадзе. Каля дзевяці гадзін неба раптам праясняецца, і струмені сонечнага святла заліваюць унутранасць сабора і лавы з багата прыбранымі дамамі; кожны рад гарыць асляпляючымі рознакаляровымі агнямі, і раптоўная яркасць гэтага відовішча працінае нас, як электрычны ток! Але вось у паласу святла ўступае надзвычайнае пасольства з нейкай дальняй усходняй зямлі, ідуць услед за іншымі чужаземнымі пасламі, — і ў вас захапляе дух, такі бляск яно разлівае вакол сябе: усё яно ад галавы да ног ўсыпана каштоўнымі каменнямі і пры кожным руху сыпле навакол зіхатлівыя снапы алмазных іскраў.

Прайшло гадзіны са дзве, дзве з палавінай; глухі артылерыйскі залп абвясціў аб прыбыцці караля і працэсіі; змораныя чаканнем людзі ўзрадаваліся. Усе ведалі, што прыдзецца яшчэ пачакаць, бо каралю трэба яшчэ адзецца і падрыхтавацца да ўрачыстай цэрамоніі; але цяпер чаканне можна будзе прыемна запоўніць разгледжваннем пэраў каралеўства, якія з’яўляліся ва ўсім сваім пышным убранні. Кожнага пэра распарадчыкі з пашанай адводзілі на месца і клалі каля яго карону; гледачы на хорах з вялікай цікавасцю наглядалі ўсё гэта: большасць з іх упершыню бачылі графоў, герцагаў і баронаў, імёны якіх гісторыя ўслаўляе ўжо на працягу пяцісот гадоў. Калі, нарэшце, усе пэры паселі, з хораў адкрылася такое дзівоснае відовішча, што сапраўды варта было зірнуць на яго, каб потым памятаць усё жыццё.

Цяпер на падмосткі ўзыходзілі адзін за адным епіскапы ў парадным адзенні, у мітрах, і займалі адведзеныя ім месцы; за