Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

палаца, каб абараніць яго ад дзёрзкага вартавога? Так! Яго першыя дні і ночы ў палацы былі атручаны цяжкімі мыслямі аб знікнуўшым прынцы; Том шчыра жадаў, каб ён вярнуўся і аднавіў свае правы. Але час ішоў, а прынц не вяртаўся; і новыя радасныя ўражанні паступова авалодвалі душою Тома, мала-па-малу згладжваючы ў ёй вобраз знікшага прынца; пад канец гэты вобраз стаў з’яўляцца толькі зрэдку, ды і то нежаданым госцем, бо тады Тому рабілася балюча і сорамна.

Няшчасную маці сваю і сясцёр ён таксама ўспамінаў усё радзей. Спачатку ён сумаваў па іх, нудзіўся, хацеў іх убачыць, але потым пачаў уздрыгваць пры думцы, што калі-небудзь яны з’явяцца перад ім у лахманах, брудныя, і выдадуць яго сваімі пацалункамі, і сцягнуць яго далоў з трона зноў назад, у гразь, у трушчобу, на голад і знявагу. Нарэшце ён амаль перастаў успамінаць аб іх і быў нават рады гэтаму, бо цяпер, калі іх журботныя і дакорлівыя твары ўставалі перад ім, ён сам сабе здаваўся агіднейшым за чарвяка, поўзаючага па зямлі.

Апоўначы дзевятнаццатага лютага Том Кэнці спакойна заснуў у сваёй раскошнай пасцелі ў палацы, пад аховай сваіх верных васалаў і акружаны ўсёй пышнасцю каралеўскага сана, — шчаслівы хлопчык: назаўтра назначана было яго ўрачыстае каранаванне.

У гэты самы час сапраўдны кароль, Эдуард, галодны, стомлены, змучаны даўгой дарогай, адзеты ў рыззё, з сінякамі, атрыманымі ў часе вулічнай бойкі, стаяў сярод людзей, якія з вялікай цікавасцю сачылі за мітуснёй і беганінай рабочых, якія капашыліся, бы мурашкі, каля Вестмінстэрскага абацтва. Яны канчалі падрыхтоўчыя работы да заўтрашняй каранацыі.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

КАРАНАЦЫЙНАЯ ПРАЦЭСІЯ

На другую раніцу, калі Том Кэнсі прачнуўся, паветра было поўнае грамовым гулам. Усё навакол грымела. Для Тома гэты гул быў музыкай: ён азначаў, што ўся Англія дружна напружвае лёгкія, вітаючы вялікі дзень.

Том зноў заняў першае месца ў дзіўнай плывучай працэсіі на Темзе. Па даўняму звычаю, каралеўская працэсія павінна была прайсці праз увесь Лондан, пачынаючы ад Тауэра. І перш