Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за ўсё Том адправіўся к Тауэру. Як толькі ён прыбыў у Тауэр, сцены старой крэпасці нібы раптам трэснулі ў тысячы месц разам, і з кожнай шчыліны выскачыў чырвоны вогненны язык і белы клуб дыму. Раздаўся аглушальны выбух, у якім на міг патанулі радасныя крыкі народа; ад гулу трэслася зямля; агонь, дым, трэск стрэлаў паўтараліся зноў і зноў з незвычайнай хуткасцю, так што праз мінуту стары Тауэр знік у густым воблаку дыму; толькі так званы Белы Тауэр — высокі шпіль, абвешаны флагамі, высіўся над гэтым морам дыму, як горная вяршыня над градой воблакаў.

Разадзеты Том Кэнці на статным баявым кані ў багатай папоне, якая апускалася бадай да зямлі, ехаў на чале працэсіі; зараз-жа за ім следаваў яго «дзядзя», лорд-пратэктар Самерсет, на такім-жа дзіўным кані; каралеўская гвардыя ў бліскучых латах суправаджала яго з абодвух бакоў; за пратэктарам следаваў бясконцы рад пышна ўбраных вяльмож у суправаджэнні сваіх васалаў; за імі лорд-мэр і ўсе олдэрманы[1] ў пунсовых аксамітных тогах, з залатымі ланцугамі на грудзях; за імі — дэпутацыі ўсіх лонданскіх гільдый, багата ўпрыгожаныя, са стракатымі сцягамі карпарацый. Працэсію заканчвала даўняя славутая артылерыйская брыгада, якая ў той час існавала ўжо каля трохсот год, адзіная вайсковая часць, меўшая прывілею (захаваную і да нашых дзён) не падпарадкавацца распараджэнням парламента. Гэта было выдатнае відовішча — брыгада велічна выступала сярод шматлікага народа, вітаючага яе на кожным кроку аглушальнымі крыкамі. Вось як расказвае аб гэтым летапісец:

«Калі кароль пад’ехаў да горада, народ сустрэў яго прывітальнымі крыкамі, малітвамі, добрымі пажаданнямі і іншымі выказваннямі шчырай любові вернападданых да свайго гасудара; і кароль, павярнуўшыся да народа светлым, радасным тварам і ласкава гутарачы з тымі, хто быў бліжэй да яго аўгусцейшай асобы, з лішкам узнагародзіў свой народ за яго пачуцці адданасці. У адказ на крыкі: «Хай жыве кароль Англіі!» — «Хай беражэ бог яго вялікасць Эдуарда Шостага!» — ён казаў прыхільна: «Хай беражэ бог вас усіх! Ад усяго сэрца дзякую майму добраму народу!» Ласкавыя словы расчулілі народ.

  1. Олдэрман — член гарадской управы ў Англіі.