Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыгнятаўшая яго, рассеялася; ён падняў галаву і паглядзеў навакол. Ён нават здзівіўся, як многа яны праехалі; вёска асталася далёка ззаду.

Кароль, трасучыся ззаду на асле, павесіў галаву; ён таксама быў заняты сваімі мыслямі і планамі. Гендон адчуў некаторую трывогу: ці захоча хлопчык вярнуцца ў горад, дзе ўсё сваё нядоўгае жыццё ён не ведаў нічога, апрача голаду, крыўд і пабояў? Трэба спытаць яго, — усёроўна гэтага не ўнікнуць. Гендон прытрымаў мула і крыкнуў:

— Я забыўся спытацца цябе, куды ехаць. Загадвай, гасудар!

— У Лондан!

Гендон рушыў далей, вельмі задаволены адказам, але здзіўлены.

Усю дарогу яны ехалі без ніякіх прыгод. Але пад канец без прыгоды ўсё-такі не абышлося. Каля дзесяці гадзін вечара дзевятнаццатага лютага яны ўз’ехалі на Лонданскі мост і апынуліся сярод густога, шумнага натоўпу. Людзі вылі, гагаталі, гарланілі; чырвоныя ад піва, потныя твары блішчэлі пры святле мноства факелаў. Акурат у тую мінуту, калі падарожнікі пад’ехалі да варот, зверху сарвалася згніўшая галава нейкага былога герцага ці якога іншага вяльможы і, стукнуўшыся аб локаць Гендона, адскочыла ў натоўп. Вось якія нядоўгавечныя ў гэтым свеце справы рук чалавечых! Мінула ўсяго тры тыдні са дня смерці добрага караля Генрыха, не прайшло і трох сутак ад дня яго пахавання, а благародныя ўпрыгожанні[1], якія ён так старанна выбіраў для свайго дасканалага моста сярод першых асоб у дзяржаве, ужо сталі падаць… Нейкі гаражанін спатыкнуўся аб упаўшую галаву, ударыў сваёй галавой у спіну пярэдняга. Той абярнуўся, зваліў кулаком з ног абы якога суседа, што трапіўся яму пад руку, і сам паляцеў, звалены з ног таварышам упаўшага.

Час для бойкі быў самы зручны. Заўтра пачыналася каранацыя, і ўсе ўжо загадзя былі поўны гарэлкай і патрыятызмам. Гендона адціснулі ад караля, і абодва яны згубіліся ў шуме і мітусні равучага чалавечага зборышча.

Тут мы пакінем іх.

  1. Пры Генрыху VIII на Лонданскім мосце выстаўляліся галовы пакараных смерцю.