Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ступілася перад ім і таксама маўкліва самкнулася. Па-ранейшаму было ціха, ніхто не адважваўся сказаць слова ў абарону ці ў пахвалу асуджаных; але ўжо адна адсутнасць насмешак была знакам павагі да яго мужнасці. Запаздалы глядач, які не бачыў таго, што адбывалася тут раней, захацеў пасмяяцца з асуджанага і запусціць у яго здохлай кошкай, але адразу быў збіты з ног і выкінуты вон; а затым зноў настала тая-ж глыбокая цішыня.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ

У ЛОНДАН!

Адседзеўшы вызначаны час ля ганебнага слупа, Гендон быў вызвалены і атрымаў загад выехаць з гэтай акругі і ніколі больш не вяртацца ў яе. Яму вярнулі яго шпагу, а таксама мула і осліка. Ён сеў і паехаў у суправаджэнні караля; народ са спакойнай пачцівасцю расступіўся перад імі і, як толькі яны ад’ехалі, разышоўся па хатах.

Гендон хутка паглыбіўся ў свае думкі. Яму трэба было многа чаго абдумаць. Што яму рабіць? Куды накіравацца? Трэба абавязкова знайсці знатнага заступніка, іначай прыдзецца адмовіцца ад спадчыны і ганебна прызнаць сябе самазванцам. Але дзе можна спадзявацца знайсці такую абарону і заступніцтва? Дзе? Вось пытанне! У яго мільганула ў галаве думка, якая мала-па-малу вырасла ў маленькую надзею, вельмі слабую і цяжкую для выканання, але ўсё-ж такую, аб якой варта падумаць, калі няма другой. Рыцар успомніў, што яму казаў стары Эндрус пра дабрату юнага караля і яго велікадушнае заступніцтва за пакрыўджаных і няшчасных. Ці не паспрабаваць дабрацца да яго і прасіць у яго справядлівасці? Так, але ці дапусцяць такога бедняка да аўгусцейшай асобы манарха? Ну, ды ўсёроўна, пакуль няма чаго тужыць: яшчэ будзе час аб гэтым падумаць. Гендон быў стары салдат, удзельнічаўшы ў некалькіх войнах, кемлівы і вынаходлівы; бясспрэчна, калі дойдзе да справы, ён прыдумае спосаб. А цяпер трэба ехаць у сталіцу. Можа за яго заступіцца стары друг яго бацькі, сэр Гэмфры Марло, добры стары сэр Гэмфры — галоўны загадчык кухні нябожчыка караля, ці стайняў, або нечым у гэтым родзе, — Майлс не мог дакладна прыпомніць, чаго іменна. Цяпер, калі трэба сканцэнтраваць усе свае сілы, калі з’явілася пэўная мэта, туга,