Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насці ніколі не згладзіцца з маёй памяці. Я не забуду… Ім таксама прыдзецца ўспомніць!» — дадаў ён гнеўна.

Велікадушша Гендона ўсё расло ў яго вачах, а разам з тым расла і яго ўдзячнасць да яго. Ён сказаў сабе:

«Хто выратоўвае свайго гасудара ад ран і смерці, робіць яму вялікую паслугу. Ён выратаваў мяне ад смерці. Але ўсё гэта глупства ў параўнанні з гэтым подвігам! Ён выратаваў свайго гасудара ад ганьбы

Гендон без крыку, без енку зносіў удары, стойка, як салдат. Гэта велікадушная стойкасць, з якой ён узяў на сябе бізуны, прызначаныя хлопчыку, мімаволі выклікала пашану нават у грубых, цёмных зявак, што сабраліся падзівіцца на цікавае відовішча; насмешкі змоўклі, і нічога не было чуваць, апрача ўдараў бізуна. Цішыня панавала на плошчы, калі Гендона зноў пасадзілі ў калоду; а яшчэ так нядаўна гэту плошчу напаўняў шум здзекаў. Кароль ціхенька падышоў да Гендона і сказаў яму на вуха:

— Ніякі кароль не можа аблагародзіць цябе, добрая, вялікая душа, бо той, хто вышэй за каралёў, ужо стварыў цябе благародным; але кароль можа ўзвялічыць цябе перад людзьмі.

Ён падняў з зямлі кінуты бізун, ціхенька дакрануўся ім да скрываўленых плеч Гендона і шапнуў:

— Эдуард, кароль Англіі, надае табе тытул графа!

Гендон быў расчулены, слёзы пацяклі па яго шчаках, але ў той-жа час ён так выразна адчуваў горкі юмар свайго становішча, што ледзь мог устрымацца ад усмешкі. Узляцець адразу, адным махам, ад ганебнага слупа на недасяжную вышыню графскага стана — што можа быць смяшней.

«Як мне шанцуе! — казаў ён сабе. — Фантазійны рыцар царства лятуценняў ператварыўся цяпер у фантазійнага графа — галавакружальны ўзлёт, асабліва для крыл без пер’яў! Калі так будзе ісці далей, мяне хутка ўпрыгожаць, як кірмашовы слуп, мішурнымі цацкамі і неіснуючай пашанай; але хоць яны самі і не маюць вартасці, я буду цаніць у іх любоў таго, хто дарыць мяне імі. Лепш гэта бедная, смешная пашана, якую нечакана і няпрошана дае мне чыстая рука ад чыстага сэрца, чым сапраўдная пашана, якую даводзіцца купляць прыніжэннем у зайздросных і прагных улад».

Грозны сэр Г’ю павярнуў каня; жывая сцяна маўкліва рас-