Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

АФЯРА

Тым часам Майлс вельмі стаміўся ад турмы і бяздзейнасці. Калі нарэшце надышоў дзень суда, ён быў вельмі задаволены і казаў сабе, што будзе рады ўсякаму прыгавару, абы толькі яго не засудзілі на далейшае зняволенне ў турме. Але ён горка памыліўся. Ён раз’юшыўся, калі яго прызналі «буйным брадзягай» і прыгаварылі да ганебнай кары: ён павінен быў на працягу двух гадзін сядзець у «калодах» ля ганебнага слупа за абразу ўласніка Гендонскага замка. Калі ён заявіў на судзе, што ён родны брат абражанага і законны наследнік усіх тытулаў і зямель памершага сэра Рычарда, то да яго слоў аднесліся так пагардліва, што нават не палічылі іх вартымі абгаварэння.

Па дарозе да ганебнага слупа ён бушаваў і пагражаў, але гэта не памагала; паліцэйскія валаклі яго ды яшчэ час ад часу частавалі кулакамі за непакорнасць.

Кароль не мог праціснуцца праз натоўп. Ён ішоў ззаду, далёка ад свайго добрага друга і слугі. Самога караля таксама ледзь было не прыгаварылі да ганебнага слупа за дружбу з такой падазронай асобай, але з прычыны яго маленства, зрабіўшы яму належнае навучанне, адпусцілі. Калі людзі нарэшце спыніліся, ён пачаў кідацца, каб праціснуцца наперад; і пасля доўгіх намаганняў гэта яму ўдалося. Ля ганебнага слупа, пад насмешкамі цёмнага народа, сядзеў няшчасны рыцар — бліжэйшы слуга караля Англіі! Эдуард на судзе чуў прыгавар, але не зусім зразумеў яго значэнне. Гнеў хлопчыка рос па меры таго, як ён пачынаў разумець усю глыбіню гэтай новай абразы, нанесенай яго каралеўскаму сану; ён зусім ашалеў, калі ўбачыў, як у паветры праляцела яйка, разбілася аб шчаку Гендона і натоўп зарагатаў ад радасці. Не памятаючы сябе ад гневу, ён падскочыў да слупа і накінуўся на начальніка:

— Пасаромся! — крыкнуў ён. — Гэта мой слуга. Выпусці яго зараз-жа! Я…

— Змоўкні! — з жахам усклікнуў Гендон. — Ты загубіш сябе! Не звяртай на яго ўвагі, пане, ён вар’ят!

— Супакойся, добры чалавек, я і не падумаю звяртаць на яго ўвагі; але мне хочацца трохі правучыць яго.

Паліцэйскі абярнуўся да свайго памочніка і сказаў: