Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адна бедная прыдуркаватая жанчына, украўшая каля двух ярдаў[1] сукна ў ткача, — яе за гэта прыгаварылі павесіць. Другі арыштант раней абвінавачваўся ў тым, што ён украў каня; супроць яго не было ніякіх доказаў, і ён ужо быў выратаваўся ад пятлі; але не паспелі яго выпусціць, як зноў арыштавалі за тое, што ён забіў аленя ў каралеўскім парку; на гэты раз віна яго была даказана, і яго чакала вяроўка. Больш за ўсё расстроіў і засмуціў караля расказ аднаго падмайстра; гэты юнак сказаў, што ён аднаго разу вечарам знайшоў сокала, які ўцёк ад свайго гаспадара, і прынёс яго дахаты, думаючы, што мае на тое права. Але суд абвінаваціў яго ў крадзежы і прысудзіў к смерці.

Раз’юшаны такім бесчалавеччам, кароль упрашаў Гендона разбіць свае путы і ўцякаць з ім у Вестмінстэр, каб ён мог хутчэй вярнуць сабе прастол; узышоўшы на трон, ён зараз-жа падніме свой скіпетр у абарону гэтых няшчасных і выратуе ім жыццё.

«Беднае дзіця! — уздыхаў Гендон. — Гэтыя гаротныя расказы зноў звялі яго з розуму. А я-то спадзяваўся, што ён хутка паправіцца».

Сярод арыштантаў быў стары законнік, чалавек з суровым тварам і непахіснай воляй. Тры гады назад ён выступіў супроць лорда-канцлера, абвінаваціўшы яго ў несправядлівасці; за гэта яго прыкавалі да ганебнага слупа, адсеклі яму вушы, выключылі з адвакацкага саслоўя, спагналі з яго штраф у тры тысячы фунтаў стэрлінгаў і прыгаварылі да турэмнага зняволення. Нядаўна ён паўтарыў свой праступак, і цяпер яму павінны былі адсячы рэшткі вушэй, спагнаць з яго пяць тысяч фунтаў стэрлінгаў, высмаліць яму кляймо на абодвух шчаках і да канца жыцця трымаць яго ў турме.

— Гэта пачэсныя рубцы, — казаў ён, адкідаючы назад сівыя валасы і паказваючы абрубкі вушэй.

У караля вочы гарэлі гневам. Ён сказаў:

— Ніхто не верыць мне, і ты не паверыш. Але ўсёроўна — праз месяц ты будзеш вольны, і самыя законы, што зганьбавалі цябе і зняслаўляюць Англію, будуць выкрэслены з дзяржаўных актаў. Свет дрэнна наладжаны: каралям варта было-б час ад часу на сабе выпрабаваць свае законы і вучыцца міласэрдзю.

  1. Ярд — 0,9 метра.