Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зноў з’яўляючыся; народ мала-па-малу змоўк, і зрабілася глыбокая цішыня.

Раптам, па камандзе, людзі расступіліся, і кароль убачыў відовішча, ад якога кроў застыла ў яго жылах. Вакол жанчын былі пакладзены кучы галля і паленаў, і нейкі чалавек, стоячы на каленях, распальваў гэты касцёр!

Жанчыны стаялі, апусціўшы галовы і закрыўшы твары рукамі; галлё ўжо патрэсквала; жоўтыя агеньчыкі палезлі ўжо ўгару, і клубы блакітнага дыму распаўзаліся па ветру. Поп падняў рукі к небу і пачаў чытаць малітвы. У гэты момант праз вароты прыбеглі дзве маладзенькія дзяўчыны і з прарэзлівым лямантам кінуліся да жанчын, што прысуджаны былі згарэць на кастры. Варта адразу схапіла іх; адну трымалі моцна, але другая вырвалася; яна казала, што хоча памерці разам з маткаю. І, перш чым паспелі яе спыніць, яна ўжо зноў абхапіла шыю маткі. Яе зноў адцягнулі, але плацце яе ўжо гарэла. Двое ці трое трымалі яе; запалены падол плацця адарвалі і кінулі ўбок, а дзяўчынка ўсё кідалася, вырывалася і крычала, што цяпер яна астанецца адна ва ўсім свеце, і ўпрашала дазволіць ёй памерці разам з маткаю. Абедзве дзяўчыны ўвесь час галасілі і вырываліся з рук вартаўнікоў; але раптам раздзіраючы душу крык смяротнай мукі заглушыў увесь іхні лямант. Кароль адвёў вочы ад рыдаўшых дзяўчат, паглядзеў на касцёр, потым адвярнуўся, прыціснуў смяртэльна бледны твар да сцяны і ўжо не глядзеў болей. Ён казаў сабе:

«Тое, што я бачыў тут, ніколі не згладзіцца з маёй памяці; я буду помніць гэта ва ўсе дні майго жыцця, а па начах я буду бачыць гэта ў сне да самай смерці. Лепей-бы я аслеп».

Гендон назіраў за каралём. Ён з задавальненнем казаў сабе:

«Ён прыкметна папраўляецца; ён змяніўся, стаў мякчэй. Раней ён пэўна накінуўся-б на турэмшчыкаў, пачаў-бы бушаваць, крычаць, што ён кароль, патрабаваць, каб жанчын аслабанілі. Ён хутка забудзецца на свой брэд, і яго бедная галава будзе зноў здаровая. Дай, божа, каб хутчэй!»

У той-жа дзень у турму прывезлі нанач некалькі арыштантаў, якіх на другую раніцу павінны былі адправіць у розныя гарады адбываць кару за свае злачынствы. Кароль доўга гутарыў з імі, — ён з самага пачатку рашыў параспытаць вязняў, каб падрыхтаваць сябе да свайго будучага царствавання. Аповесць іхніх пакут мучыла яго сэрца. У ліку зняволеных была