Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жанчыны паспрабавалі перамяніць гутарку, але кароль ужо не мог супакоіцца і прадаўжаў пытацца:

— Няўжо вас будуць біць бізунамі? Не, не! Яны не могуць быць такімі бязлітаснымі. Скажыце, што вас не крануць! Так, не крануць? Не крануць, праўда?

Жанчыны, збянтэжаныя і расстроеныя, не маглі, аднак, ухіліцца ад адказу, і адна з іх сказала голасам, дрыжачым ад хвалявання:

— О, добрая душа! Тваё спачуванне раздзірае нам сэрца. Памажы нам, божа, знесці наша…

— Вы прызналіся!.. — перапыніў яе кароль. — Значыцца, гэтыя бязлітасныя каты будуць цябе біць бізунамі! О, не плач! Я не магу бачыць твае слёзы. Не траць мужнасці: я своечасова вярну сабе свае правы, каб вызваліць цябе ад гэтай знявагі, убачыш!

Калі кароль прачнуўся раніцою, жанчын ужо не было.

— Яны выратаваны! — радасна ўсклікнуў ён і з сумам дадаў: — Але гора мне, яны так усцяшалі мяне!

Кожная з жанчын, выходзячы, прыкалола да яго вопраткі на памяць кавалак істужкі. Кароль сказаў, што назаўсёды захавае гэты падарунак і хутка знойдзе сваіх прыяцелек, каб узяць іх пад сваю абарону.

У гэту мінуту ўвайшоў турэмшчык са сваімі памочнікамі 1 загадаў усіх зняволеных вывесці на турэмны двор. Кароль быў у захапленні: якое шчасце ўбачыць нарэшце блакітнае неба і падыхаць свежым паветрам. Ён хваляваўся і злаваў на марудных вартаўнікоў, але нарэшце прышла і яго чарга. Яго адвязалі ад жалезнага кальца ля сцяны і загадалі яму ісці следам за другімі разам з Гендонам.

Квадратны двор быў выбрукаваны каменнымі плітамі. Вязні прайшлі пад вялікай каменнай аркай і выстраіліся ў шарэнгу, спіной да сцяны. Перад імі была працягнута вяроўка; па баках стаяла варта. Раніца была халодная, хмурная, уначы выпаў сняжок; вялізны двор быў увесь белы і ад гэтай белаты здаваўся яшчэ больш пахмурным. Часамі зімовы вецер урываўся ў двор і гнаў па зямлі струменьчыкі снегу.

Сярод двара стаялі дзве жанчыны, прыкаваныя к слупам. Кароль з першага погляду пазнаў у іх сваіх прыяцелек. Ён уздрыгануўся і сказаў сабе:

«На жаль, я памыліўся, іх не выпусцілі на волю. Падумаць