Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Эдуард Шосты, хай бароніць яго бог! Так! Маладзенькі ў нас кароль, зусім хлопчык, а які добры і ласкавы; не ведаю, звар’яцелы ён ці не, — кажуць, ён папраўляецца з кожным днём, — але ўсе ў адзін голас хваляць яго, усе благаслаўляюць і моляць бога падоўжыць дні яго царствавання, бо ён пачаў з добрай справы, памілаваў герцага Норфолька, а цяпер хоча скасаваць найбольш суровыя законы, ад якіх церпіць народ.

Пачуўшы гэтыя весткі, кароль знямеў ад здзіўлення і так паглыбіўся ў свае невясёлыя думы, што не слухаў больш, аб чым расказвае стары. Ён пытаў сябе: няўжо гэты кароль — той самы маленькі жабрак, якога пакінуў ён тады ў палацы пераапранутым у сваё адзенне? Гэта здавалася яму немагчымым: каб той хлопчык захацеў разыграць з сябе прынца Уэльскага, яго зараз выдала-б яго мова і манеры, яго прагналі-б з палаца і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Няўжо совет пасадзіў на яго месца якога-небудзь хлапчука знатнага рода? Не, яго дзядзя не дапусціў-бы гэтага, — ён усемагутны і мог-бы расстроіць і, пэўна, расстроіў-бы такую змову.

Размышленні караля не прывялі ні да чога; чым больш ён стараўся разгадаць гэтую тайну, чым больш ён ламаў сабе галаву над ёй, тым мацней балела ў яго галава, і тым горш ён спаў. Яго нецярплівае жаданне трапіць у Лондан расло з кожнай гадзінай, і зняволенне рабілася нясцерпным.

Гендон, як ні стараўся, не мог уцешыць караля; гэта лепш удалося двум жанчынам, прыкованым недалёка ад яго. Іх ціхае ўгаварванне вярнула спакой яго душы і навучыла яго цярплівасці. Ён быў ім вельмі ўдзячны, шчыра палюбіў іх, блізасць іх была для яго жыватворнай. Ён спытаўся, за што іх пасадзілі ў турму, і жанчыны адказалі: за тое, што яны баптысткі[1]. Кароль усміхнуўся і спытаў:

— Хіба гэта такое злачынства, за якое саджаюць у турму? Вы засмуцілі мяне: я, значыць, хутка з вамі расстануся, бо вас не будуць доўга трымаць тут за такое глупства.

Жанчыны нічога не адказалі, але твары іх устрывожылі яго. Ён паспешна сказаў:

— Вы не адказваеце? Будзьце добрыя, скажыце мне — вам не пагражае другая кара? Калі ласка, скажыце мне, што вам нічога не пагражае.

  1. Баптыстамі называюцца паслядоўнікі рэлігійнага вучэння, якое адхіляе хрышчэнне дзяцей і лічыць правільным толькі хрышчэнне дарослых.