Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пана з жонкай і слугамі пераходзілі з вуснаў у вусны; пасля смерці бацькі сэр Г’ю скінуў маску і стаў бязлітасным дэспатам для ўсіх, хто жыў у яго ўладаннях і колькі-небудзь залежаў ад яго.

Адзін з расказаў Эндруса жыва зацікавіў караля.

— Ходзяць чуткі, што кароль страціў розум. Але толькі, прашу вас, не кажыце, што чулі гэта ад мяне, бо аб гэтым забаронена гаварыць пад страхам смерці.

Яго вялікасць паглядзеў на старога і сказаў:

— Кароль не страціў розум, добры чалавек, і лепш-бы табе займацца сваімі справамі, чым перадаваць бязглуздыя чуткі.

— Што ён такое гаворыць, гэты хлопчык? — спытаў Эндрус, здзіўлены такім рэзкім і нечаканым нападам.

Гендон даў старому знак маўчаць, і той прадаўжаў свой расказ:

— Пахаванне нябожчыка караля будзе ў Віндзоры праз два дні, шаснаццатага, а дваццатага новы будзе каранавацца ў Вестмінстэры.

— Мне здаецца, трэба спачатку знайсці яго… — прамармытаў кароль; потым упэўнена дадаў: — Ну, аб гэтым яны паклапоцяцца, і я таксама.

— Растлумач мне… — пачаў стары і запнуўся, убачыўшы знакі, якія рабіў яму Гендон. І зноў пачаў балбатаць:

— Сэр Г’ю таксама едзе на каранацыю і многа чакае ад яе. Ён спадзяецца вярнуцца дадому пэрам, бо мае вялікую ласку ў лорда-пратэктара.

— Якога лорда-пратэктара?

— Яго міласці герцага Самерсецкага.

— Якога герцага Самерсецкага?

— Як якога? У нас толькі адзін — Сеймур, граф Гертфорд.

Кароль сярдзіта спытаў:

— З якога гэта часу ён герцаг і лорд-пратэктар?

— Ад апошняга дня студзеня.

— Скажы, калі ласка, хто яму даў гэты тытул?

— Ён сам, ды вярхоўны совет з дапамогай караля.

Яго вялікасць дзіка ўздрыгануўся.

— Караля? — ускрыкнуў ён. — Якога караля, добры чалавек?

— Якога караля? (Даруй, божа, што гэта такое сёння з хлопчыкам?) На гэтае пытанне адказаць няцяжка: кароль жа-ж у нас толькі адзін — яго вялікасць, аўгусцейшы манарх, кароль