Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Турэмшчык зарагатаў зларадным смехам гіены. І сказаў:

— Пагутары з ім, стары! Усе з ім гутараць. Гэта цябе пазабавіць.

З гэтымі словамі ён завярнуўся і вышаў.

Стары ўпаў на калені і зашаптаў:

— Дзякуй богу, ты вярнуўся нарэшце, мой добры пан! Я думаў, што ты ўжо сем гадоў назад памёр, а ты жывы! Я пазнаў цябе ад першага разу; цяжка мне было прыкідвацца і маніць, нібы я не бачу тут нікога, апрача дробных злодзеяў і машэннікаў. Я стары і бедны, сэр Майлс; але скажы адно слова, — і я пайду і абвяшчу праўду, хоць-бы мяне задушылі за гэта.

— Не, — сказаў Гендон, — не трэба. Ты толькі загубіш сябе, а мне не паможаш. Але ўсё-такі дзякую табе, ты часткова вярнуў мне маю страчаную веру ў чалавечы род.

Стары слуга быў вельмі карысны каралю і Гендону; ён заходзіў па некалькі разоў у дзень, нібы паздзеквацца з ашуканца, і заўсёды прыносіў што-колечы смачнае, каб палепшыць хоць трохі ўбогую турэмную ежу; апрача таго, ён прыносіў бягучыя навіны. Ласункі Гендон пакідаў для караля: без іх яго вялікасць, магчыма, не выжыў-бы, бо ён не мог есці грубую, агідную страву, якую прыносіў турэмшчык. Каб не выклікаць падазрэнняў, Эндрус вымушаны быў прыходзіць на кароткі час; але кожны раз ён ухітраўся паведаміць што-небудзь новае — шэптам, каб яго чуў толькі Гендон, голасна-ж ён толькі лаяўся.

Так мала-па-малу Майлс узнаў гісторыю сваёй сям’і. Артур памёр шэсць гадоў назад. Гэта страта і адсутнасць вестак аб Майлсе вельмі падарвалі здароўе бацькі; чакаючы хуткай смерці, бацька хацеў абавязкова ажаніць Г’ю і Юдзіф; але Юдзіф усё адкладвала вяселле, спадзеючыся на зварот Майлса; тут-та і прышло пісьмо з паведамленнем аб тым, што Майлс памёр; гэты ўдар улажыў у пасцель сэра Рычарда; стары парашыў, што канец яго блізка, і стаў патрабаваць, каб хутчэй спраўлялі вяселле; Г’ю, вядома, падтрымліваў яго. Юдзіф выпрасіла яшчэ месяц адтэрміноўкі, потым другі і, нарэшце, трэці; іх абвянчалі ля смяротнага ложка Рычарда. Шлюб выдаўся не з шчаслівых. Хадзілі чуткі, што неўзабаве пасля вяселля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў злашчаснага пісьма і вінаваціла яго ў гнуснай падробцы, якая паскорыла іхні шлюб і смерць сэра Рычарда. Расказы аб зверскім абыходжанні новага