Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прымусу. Я яе знайду. Я знайду яе: цяпер, калі яго няма, яна нічога не ўтоіць ад мяне. Яна прыпомніць былыя часы, калі мы разам гулялі дзецьмі; гэта змякчыць яе сэрца, і яна не будзе больш хітраваць, яна ва ўсім прызнаецца мне. У ёй няма вераломства, яна заўсёды была чэсная і праўдзівая. У тыя дні яна любіла мяне. Гэта служыць мне парукай; яна не ашукае таго, каго любіла.

Ён паспешна накіраваўся да дзвярэй; але ў той-жа міг дзверы адчыніліся, і ўвайшла лэдзі Юдзіф. Яна была вельмі бледная, але ішла цвёрдымі крокамі; постаць у яе была грацыёзная і паважная, а твар паранейшаму быў смутны.

Майлс кінуўся да яе з давер’ем, але яна адхіліла яго ледзь значным жэстам, і ён спыніўся. Яна села і папрасіла яго таксама сесці. Гэтым яна прымусіла яго забыць, што яны старыя прыяцелі, прымусіла яго адчуць сябе чужым, госцем. Гэта было для яго нечаканасцю, і ён ад здзіўлення так збянтэжыўся, што сам гатоў быў усумніцца, ці сапраўды ён той, за каго сябе выдае. Лэдзі Юдзіф сказала:

— Сэр, я прышла перасцерагчы вас. Звар’яцелых, здаецца, нельга пераканаць у тым, што яны памыляюцца; але іх можна ўгаварыць, каб яны ўхіляліся небяспекі. Я думаю, вы верыце ў праўдзівасць сваёй выдумкі, я думаю, вы не злачынца; але не гаварыце пра свае заблуджэнні тут, бо гэта небяспечна.

Яна пільна паглядзела Майлсу ў вочы, потым дадала, падкрэсліваючы словы:

— Гэта тым больш небяспечна, што вы вельмі падобны на нашага беднага загінуўшага хлопчыка, якога ўжо няма на свеце.

— Божа мой, сударыня, ды ён жа-ж гэта я!

— Я шчыра веру, што вы гэта думаеце, сэр. Я не сумняваюся ў вашай чэснасці, — я толькі перасцерагаю вас. Мой муж — поўнаўладны гаспадар ва ўсёй тутэйшай мясцовасці; яго ўлада бадай неабмежаваная; ён можа ўзбагаціць каго захоча і каго захоча збядніць. Каб вы не былі падобны на чалавека, за якога сябе выдаеце, ён можа і дазволіў-бы вам спакойна цешыцца вашай марай; але верце мне, я добра яго ведаю; я ведаю, што ён зробіць: ён скажа ўсім, што вы звар’яцелы самазванец, і ўсе будуць верыць яму.

Яна зноў пільна паглядзела на Майлса і дадала:

— Каб вы нават сапраўды былі Майлсам Гендонам, і муж