Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паліцэйскі пачакаў крыху, патупаў на адным месцы, вылаяўся разы са два, потым крыкнуў яму ўслед:

— Стой, добры сэр, пачакай мінутку! Ты гаворыш, суддзю запытаеш? Ды ён на жарты дурны, як бервяно! Хадзі лепш сюды, давай пагаворым. Дзіўная рэч! Я, здаецца, трапіў у гісторыю і ўсё праз гэты нявінны, неабдуманы жарт. Я чалавек сямейны, у мяне жонка, дзеці… Падумай-жа, твая міласць, чаго ты хочаш ад мяне?

— Толькі таго, каб ты быў сляпы, нямы і не рухаўся з месца, пакуль не палічыш да сотні, — сказаў Гендон з такім выглядам, нібы прасіў самай дробнай паслугі.

— Ды я-ж тады прапашчы чалавек! — з роспаччу ускрыкнуў паліцэйскі. — Будзь-жа разважлівы, мой добры сэр; ты-ж сам разумееш, што там быў жарт і больш нічога. А, калі нават прымаць гэта усур’ёз, дык і тады за такую дробязь самае большае, чым я рызыкую, гэта атрымаць наганяй ад суддзі; ён зробіць мне вымову і параіць ніколі не паўтараць падобных спраў.

— Гэта жарт? — з ледзянай урачыстасцю адказаў Гендон. — Гэты твой жарт носіць у законе назву, — ты ведаеш якую?

— Я гэтага не ведаў! Можа таму я быў неасцярожны. Мне і ў галаву не прыходзіла, што гэта ўжо носіць назву… Я думаў, што я першы выдумаў такі жарт.

— Так, ён мае назву. У законах ён называецца non compos mentis lex talionis sic transit gloria mundi[1].

— Ах, божа мой!

— І кара — смерць.

— Божа, злітуйся нада мной, грэшным!

— Скарыстаўшы перавагі свайго становішча, ты захапіў за бясцэнак чужую ўласнасць, коштам больш за трынаццаць з паловай пенсаў; а гэта паводле закона ёсць наўмысная нядобрасумленнасць, вераломства, перавышэнне ўлады, ad hominem expugatis in statu quo — i кара за гэта — смерць на шыбеніцы, без выкупу, без літасці, пакаяння і ўцехі рэлігіі.

— Падтрымай мяне, зрабі ласку, мой добры сэр, ногі не трымаюць мяне! Злітуйся, выратуй мяне ад пагібелі, і я стану да вас спіной і нічога не буду бачыць і чуць.

  1. Тут Гендон, каб застрашыць паліцэйскага, нагаварыў па-лацінску бязглуздзіцы.