Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра! Нарэшце ты паразумнеў. А парася ты аддасі гэтай жанчыне?

— Аддам, абавязкова аддам! І ніколі больш не дакрануся да парасяці, хаця-б сам архангел прынёс мне яго з неба! Ідзі, я дзеля цябе аслеп на абодва вокі, я нічога не бачу. Я скажу, што ты сілай вырваў у мяне з рук асуджанага. Дзверы ў турме старыя, слабыя, я сам выламаю іх пасля поўначы.

— Выламай, добрая душа, дрэнна ад гэтага нікому не будзе. Суддзя сам шкадуе гэтага беднага хлопчыка, — ён не будзе праліваць слёзы і ламаць турэмшчыку косці за тое, што хлопчык уцячэ.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

ЗАМАК ГЕНДОНА

Як толькі паліцэйскі знік з вачэй, Гендон папрасіў яго вялікасць ісці за горад і там чакаць, пакуль ён сходзіць у тракцір і расплоціцца па рахунку. Праз поўгадзіны два прыяцелі ўжо весела скакалі на ўсход. Каралю цяпер было цёпла і выгодна, бо ён скінуў свае лахманы і апрануўся ў паношанае плацце, купленае Гендонам на Лонданскім мосце.

Гендон не хацеў, каб хлопчык надта змарыўся; ён лічыў, што дарожная змора, несвоечасовае харчаванне і недастатковы сон могуць яшчэ болей пашкодзіць яго хвораму розуму, a спакой, правільнае жыццё і свежае паветра бясспрэчна паскораць яго выздараўленне; ён вельмі жадаў убачыць свайго маленькага сябра здаровым, жадаў вызваліць яго мозг ад хваравітых мар; таму ён рашыў пасоўвацца да роднага дома, якога так даўно не бачыў, не спехам, маленькімі пераходамі, замест таго, каб, слухаючыся сваёй нецярплівасці, скакаць туды дзень і ноч.

Праехаўшы міль дзесяць, нашы падарожнікі дабраліся да вялікай вёскі і спыніліся там нанач у добрай карчме. Між імі зноў наладзіліся ранейшыя адносіны: у часе абеда Гендон стаяў за крэслам караля і прыслужваў яму; раздзяваў яго, укладваў у пасцель, а сам лажыўся на падлозе ля парога, загарнуўшыся ў коўдру.

На другі дзень і ў наступны яны ехалі павольна, размаўляючы аб тым, што з імі было пасля разлукі, і вельмі забаўлялі адзін аднаго сваімі расказамі, Гендон апісаў падрабязна