Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Натоўп рассунуўся, каб прапусціць паліцэйскага; паліцэйскі падышоў і палажыў руку на плячо караля. Але Гендон сказаў яму:

— Цішэй, прыяцель, прымі руку! Ён пойдзе паслухмяна — я за яго адказваю. Ідзі наперад, а ён пойдзе за табою.

Паліцэйскі пайшоў наперад разам з жанчынай, якая несла клунак; Майлс і кароль ішлі ззаду, а за імі следам натоўп народу. Кароль пачаў было ўпірацца, але Гендон шапнуў яму:

— Падумай, гасудар, — тваімі законамі трымаецца ўся твая каралеўская ўлада; калі той, ад каго выходзяць законы, не паважае іх сам, як-жа ён можа патрабаваць, каб іх паважалі іншыя? Відаць, адзін з гэтых законаў парушаны; калі кароль зноў узыйдзе на трон, ён пэўна ўспомніць, як, знаходзячыся ў становішчы прыватнага чалавека, ён, не гледзячы на свой каралеўскі сан, падначаліўся законам, як належыць грамадзяніну.

— Ты правы, ні слова больш, ты ўбачыш, што, калі кароль Англіі ўскладае ярмо законаў на сваіх падданых, ён і сам, апынуўшыся ў становішчы падданага, панясе гэтае ярмо.

У суддзі жанчына пацвердзіла пад прысягай, што гэты маленькі арыштант ёсць той самы злодзей, які яе абкраў; ніхто не мог абвергнуць яе, і ўсе доказы былі супроць караля. Развязалі клунак, і, калі ў ім аказалася тлустае, адкормленае парася, суддзя захваляваўся, а Гендон пабляднеў і задрыжаў; толькі кароль, нічога не ведаючы, астаўся спакойным.

Суддзя злавесна марудзіў, потым звярнуўся да жанчыны з пытаннем:

— У колькі ты ацэньваеш тваю ўласнасць?

Жанчына пакланілася і адказала:

— У тры шылінгі і восем пенсаў, ваша міласць! Гэта самая добрасумленная цана, я не магу скінуць ні аднаго пені.

Суддзя агледзеў публіку, кіўнуў паліцэйскаму і сказаў:

— Ачысціць залу і замкнуць дзверы!

Загад быў выкананы.

У судзе асталіся толькі двое паліцэйскіх, абвінавачаны, абвінавальніца і Майлс Гендон. Майлс быў бледны, нерухомы, кроплі халоднага поту выступілі ў яго на ілбе, зліліся разам і пацяклі ўніз па твары. Суддзя зноў звярнуўся да жанчыны і сказаў ласкава:

— Гэта бедны, цёмны хлопчык, можа галодны, бо цяпер такія цяжкія часы для беднякоў; паглядзі на яго: у яго твар не