Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён стаяў і чакаў, — з выгляду спакойны, але ўнутрана вельмі хвалюючыся, — пакуль жанчына пройдзе каля яго; тады ён ціхенька сказаў:

— Пачакай тут, я зараз вярнуся! — і стаў падкрадвацца да жанчыны.

Але надзеі яго не суджана было споўніцца. Гуго непрыкметна падкраўся да жанчыны ззаду, выхапіў клунак і пабег назад, абкруціўшы клунак кавалкам старой коўдры, што вісела ў яго на руцэ. Жанчына падняла страшэнны крык: яна не бачыла, якім чынам знік клунак, але зараз-жа заўважыла крадзеж, бо ношка яе раптам зрабілася лягчэйшай. Гуго, не спыняючыся сунуў клунак у рукі каралю.

— Цяпер бяжы за мной, — сказаў ён, — і крычы: «Трымайце злодзея!» Ды глядзі, старайся заблытаць іх!

Праз момант Гуго ўжо знік за рогам і паімчаўся што было моцы па звілістай вуліцы, а яшчэ праз мінуту ён зноў вынырнуў на вачах усіх з самым нявінным і роўнадушным тварам і спыніўся за слупам, пазіраючы, што будзе.

Абражаны кароль кінуў клунак вобземлю; коўдра расхінулася акурат у тую мінуту, калі прыбегла жанчына, а за ёю людзі. Жанчына ўхапіла адной рукой караля за руку, а другой рукой свой клунак і, высока падняўшы яго ўгару, пачала доўгую прамову, асыпаючы хлопчыка лаянкай; хлопчык хацеў вырвацца, але не мог.

Гуго ўсмак нагледзеўся, — вораг яго злоўлены і не ўнікне кары. Ён шмыгнуў у завулак і пабег к лагеру, пасмейваючыся, радуючыся, ён бег і прыдумваў, як больш праўдападобна рассказаць сваім усю гэту гісторыю.

Кароль між тым шалёна вырваўся з моцна трымаўшых яго рук і з абурэннем крычаў:

— Пусці мяне, дурная жанчына! Кажуць табе: я не краў. Вельмі патрэбна мне тваё барахло!

Іх акружыў натоўп, асыпаючы караля лаянкай і пагрозамі; закапцелы каваль у скураным фартуху і закасанымі да лакцей рукавамі падышоў да яго, кажучы, што трэба правучыць яго; але ў гэты момант у паветры бліснула даўгая шпага і апусцілася плашма на руку каваля. Уласнік шпагі прыязна і ветліва сказаў:

— Пачакайце, добрыя людзі! Лепш дзейнічаць мірна, без