Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўпаў на калені, з нажом у руцэ, і нахіліўся над стогнучым хлопчыкам.

Тс! Каля халупы пачуліся галасы. Нож вываліўся з рук пустэльніка; ён накінуў на хлопчыка аўчыну і ўскочыў, увесь дрыжучы. Шум павялічваўся, галасы станавіліся ўсё болей грубымі і лютымі; Чутны былі ўдары і крыкі аб дапамозе, затым тупат шпарка адыходзячых крокаў. Услед за тым пачуўся страшэнны стук у дзверы халупы і крык:

— Эй! Адчыняй! Ды хутчэй, ад імя ўсіх д’яблаў!

О, гэтая лаянка прагучэла музыкай у вушах караля: то быў голас Майлса Гендона!

Пустэльнік, сціснуўшы зубы ў бяссільнай злосці, паспешна вышаў з спальні, прычыніўшы за сабой дзверы; затым кароль пачуў гутарку ў «маленнай».

— Прывітанне табе і пашана, паважаны сэр! Дзе хлопчык, мой хлопчык?

— Які хлопчык?

— Які хлопчык? Не дуры мне галаву, пан манах, не расказвай мне баек, — я не маю ахвоты жартаваць. Недалёка адсюль я сустрэў двух нягоднікаў, мабыць, тых самых, якія ўкралі яго ў мяне, і я выпытаў у іх праўду; яны сказалі, што ён зноў уцёк і што яны прасачылі яго да тваіх дзвярэй. Яны паказалі мне яго сляды. Ну, больш няма чаго хітраваць; беражыся, святы айцец, калі ты не аддасі мне яго… Дзе хлопчык?

— О, добры сэр, ты, мабыць, гаворыш пра абадранага брадзягу царскага рода, які правёў тут ноч. Калі такія людзі, як ты, могуць цікавіцца такімі, як ён, то няхай табе будзе вядома, што я паслаў яго з даручэннем. Ён хутка вернецца.

— Хутка вернецца? Калі? Гавары хутчэй, не траць часу, ці не магу я дагнаць яго? Калі ён вернецца?

— Не турбуйся, — ён хутка прыдзе.

— Ну, добра, хай будзе па-твойму! Паспрабую дачакацца яго. Але пачакай! Ты паслаў яго з даручэннем, ты? Ну, гэта ўжо хлусня! Ён не пайшоў-бы. Ён вырваў-бы ўсю тваю сівую бараду, каб ты дазволіў сабе такую дзёрзкасць! Ты ілжэш, прыяцель; напэўна хлусіш! Не стаў-бы ён бегаць ні дзеля цябе, ні дзеля любога другога чалавека.

Чалавека — так; дзеля чалавека можа і не стаў-бы. Але я не чалавек.

— Даруй, божа, хто-ж ты?

140