Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гуго адказаў, раззлаваўшыся:

— Слухай, прыяцель, ты не хочаш красці, не хочаш прасіць міласціны; хай будзе па-твойму. Але вось што я прымушу цябе рабіць. Я буду прасіць міласціну, а ты заманьвай прахожых. Паспрабуй толькі адмаўляцца!

Кароль з пагардай паглядзеў на яго і хацеў нешта адказаць, але Гуго перапыніў яго:

— Тс-сс! Вось ідзе чалавек з добрым тварам. Я зараз упаду на зямлю, нібы ў прыпадку. Калі гэты чалавек падбяжыць да мяне, ты пачні лемантаваць, стань на калені, прыкінься, нібы плачаш, крычы, нібы д’ябал у цябе ў пузе, і скажы: «О, сэр, гэта мой бедны, няшчасны брат; у нас няма сяброў, — імем бога ўпрашаю цябе: будзь міласэрны, злітуйся над хворым, усімі пакінутым, няшчасным бедаком: адпусці адзін маленькі грошык ад дастатку твайго пакрыўджанаму богам, гінучаму чалавеку!» І памятай: не пераставай выць і не сунімайся, пакуль не выманіш у яго пені, іначай табе прыдзецца раскаяцца.

Гуго адразу заенчыў, заплакаў, пачаў закатваць вочы пад лоб, круціцца, выгінацца; а калі прахожы падышоў бліжэй, Гуго з крыкам упаў на зямлю і пачаў кідацца, тузацца ў гразі, нібы паміраючы.

— О, божа! — усклікнуў добры прахожы. — О, бядак, як ён пакутуе! Я памагу табе.

— Ах, не, мой добры пан, не чапай мяне, — дай табе божа ўсякага дабра! Мне вельмі балюча, калі да мяне дакранаюцца ў часе прыпадку. Вось мой брат раскажа вашай міласці, што са мной робіцца, калі мяне пачынае во гэтак корчыць. Дай пені, добры сэр, адзін пені, каб толькі купіць чаго-небудзь з’есці, і пакінь мяне мучыцца.

— Адзін пені! Ды я дам табе цэлых тры, бедны ты чалавек!

І прахожы паспешна палез у кішэню па грошы.

— Вось, галубок, бяры на здароўе! Хадзі сюды, хлопчык, памажы мне перанесці твайго беднага брата вунь у той дом, дзе…

— Ён зусім мне не брат… — перапыніў яго кароль.

— Як! Ён табе не брат?

— Во! Вы чуеце? — застагнаў Гуго, скрыгочучы на караля зубамі. — Ён адракаецца ад роднага брата, ад брата, які адной нагой стаіць у магіле!

123