пераказаў і ў управе і на судзе. Паклікалі мяне за сьведку, але што я мела сказаць ім, калі мне заявілі, што я магу адмовіцца ад паказанняў, бо знаходжуся ў сваяцтве са сваім мужам... Я так напалохалася, каб праз яго яшчэ чаго страшнага ня вышла, што адмовілася ад паказаньняў. Стары, небарака, так на мяне паглядзеў... паміраць буду — не забудуся. А потым, пасьля прыгавору, калі яго выводзілі, як крыкне ім там, на сходах, быццам зусім звар‘яцеў: „Хай жыве свабода“.
— А пан Брэтшнэйдер сюды ўжо ня ходзіць? — запытаў Швэйк.
— Быў тут колькі разоў, — адказвала шынкарка. — Вып‘е адзін ці два кухлі, запытаецца ў мяне, хто сюды ходзіць, а потым слухае, як госьці гамоняць пра футбол. Яны заўсёды, як яго ўбачуць, пераводзяць гутарку на футбол, а яму ад гэтага мутарна робіцца — во-во, здаецца, ашалее. Праз увесь гэты час злавіў на вуду аднаго толькі шпалерніка з Папярочнае вуліцы.
— Гэта — які ў каго спрыт, — зазначыў Швэйк. — Шпалернік быў дуркаваты ці што?
— Ну, як мой мужык, — адказала, плачучы, гаспадыня. — Той яго запытаў, ці стаў-бы ён страляць у сэрбаў. А шпалернік сказаў, што ня ўмее страляць, што толькі некалькі раз быў у тыры, дзе кожнага разу прастрэльваў карону[1]. Тут мы ўсе пачулі, як пан Брэтшнэйдэр сказаў, выняўшы сваю запісную кніжку: „А бач, зноў дзяржаўная здрада“, — і вышаў з гэтым шпалернікам, які ўжо больш не вярнуўся.
— Многа іх не варочаецца, — сказаў Швэйк. — Дайце-тку мне рому.
Ня ўправіўся Швэйк перакуліць другую чарку, як у шынок ўвайшоў сакрэтны агент Брэтшнэйдэр. Азірнуўшы сьпехам пусты шынок і заказаўшы сабе піва, ён падсеў да Швэйка і стаў чакаць, што той скажа.
Швэйк зьняў з вешалкі адну газэту і, праглядаючы апош- нюю старонку з абвесткамі, праказаў:
- ↑ Па-чэску koruna мае два значэньні крона — монэта і карона.