пасылкі, і ягоны начальнік пад час самага адчайнага голаду абжыраўся так, што ня мог хадзіць.
Выстаўленьне да нагароды першага дзяншчыка ягоны начальнік зрэдагаваў так:
„...У нагароду за тое, што ў баёх выяўляў надзвычайную мужнасьць і адвагу, ня дбаючы аб сваім жыцьці, і не адыходзіў ані на крок ад свайго камандзіра пад моцным агнём няпрыяцельскай атакі...“.
А па-праўдзе той трос куросадні ў тыле.
Вайна зьмяніла адносіны між афіцэрам і дзяншчыком, і дзяншчык абярнуўся ў самае абрыдлае стварэньне сярод салдат. Дзяншчык меў цэлую бляшанку консэрваў, тым часам як у камандзе адну бляшанку давалі на пяць чалавек. У яго фляжцы скрозь было поўна рому ці коньяку. Праз цэлы дзень гэтая брыда жвала шоколад, жорла салодкія афіцэрскія сухары, курыла цыгаркі свайго начальніка, цэлымі гадзінамі кухарыла і атрымлівала, апроч таго, дзьве гімнасьцёркі.
Камандзіраў дзяншчык меў самыя інтымныя адносіны з ардынарцам і перакідаў яму добрыя кавалкі ад свае ежы і ад усіх прывілеяў. Да трыумвірата далучаўся за-звычай і старэйшы пісар. Гэтая тройка, маючы непасрэдную блізкасьць да камандзіра, ведала ўсе стратэгічныя пляны. Аддзяленьне, начальнік якога быў за пабраціма ў дзяншчыка камандзіра роты, было лепш за іншых аб усім інформавана. Калі дзяншчык казаў: „У трыццаць пяць хвілін на трэцюю будзем уцякаць“, дык па-праўдзе, акурат у трыццаць пяць хвілін на трэцюю аўстрыйскія салдаты давалі драла ад няпрыяцеля.
Дзяншчык меў самыя інтымныя дачыненьні да палявой кухні і ахвотна круціўся ля катла, заказваючы сабе тую ці іншую страву, нібы ён быў у рэсторане і выбіраў сабе па картцы.
— Я люблю грудзінку, — казаў ён кухару, — а ўчора ты даў мне ад хваста. Ды пакладзі мне ў крупеню шматок пячонкі, бо ведаеш, што я селязёнкі ня ем.
Спалох дзяншчык узьнімаў першы. Пад час бамбардыроўкі акопаў душа ў яго хавалася ў пяткі. У гэткім разе ён хаваўся разам з сваімі афіцэравымі манаткамі ў самым бясьпечным