Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У аднэй старой швабскай кнізе аб вайсковай справе ёсьць, паміж іншага, правілы дзяншчыком. Дзяншчык таго часу мусіў быць богабойлівы, дабрачынны, шчыры, сьціплы, адважны, сумленны, працавіты, — адным словам, мусіў быць за ідэал чалавека. Час у гэтым тыпе многа чаго перайначыў. Цяперашні дзяншчык за-звычай ані багабойлівы, ані дабрачынны, ані сумленны. Брэша, падманьвае свайго пана і часта абарачае жыцьцё свайго афіцэра ў пекла. Гэта — лісьлівы раб, які прыдумвае процьму ўсялякіх штук, каб атруціць жыцьцё свайму пану.

Сярод новага пакаленьня дзяншчыкоў ужо ня знойдзецца самаадданых стварэньняў накшталт добрасумленнага Фэрнанда, дзяншчыка альмавірскага гэрцага, якія-б дазволілі сваім паном зьесьці сябе не пасаліўшы. Як вынік гэтага, мы з другога боку бачым, што іхнае начальства ў змаганьні не на жыцьцё, а на сьмерць за свой аўторытэт ужывае самыя рашучыя захады, сваяасаблівы тэрор. Гэтак, прыкладам, у 1912 годзе ў Штырскім Градцы быў процэс, у якім выдатную ролю граў адзін капітан, што зьбіў свайго дзяншчыка да сьмерці. Капітана гэтага тады абязьвінілі, бо прарабіў гэта ён толькі ўдругое за сваё жыцьцё. На думку гэтага гатунку паноў, дзяншчыкова жыцьцё ня мае ніякае вартасьці. Дзявшчык — рэч, часта толькі балван, створаны для мордабою, раб з неабмежаваным лікам абавязкаў. Ня дзіва, што гэткае становішча вымагае ад раба, каб ён быў вываротлівы і лісьлівы. Яго становішча на нашай плянэце можна параўнаць адно са становішчам падшпаркаў — прыслужнікаў у шынку, у якіх выгадоўвалі пачуцьцё шляхетнасьці каўхнямі ды біцьцём.

Адылі трапляюцца і такія выпадкі, калі дзяншчык узьнімаецца да становішча ўлюбенчыка ў свайго афіцэра і робіцца гразою роты і нават батальёну. Усе унтэры намагаюцца яго падкупіць. Ад яго залежыць пабыўка. Ён можа пахадайнічаць, каб той ці іншы рапарт прынялі. Пад час вайны гэтых улюбенцаў часьцяком узнагароджвалі вялікімі і малымі сярэбранымі мэдалямі „за мужнасьць і адвагу“. У 91-м палку я знаў колькі такіх. Адзін дзяншчык дастаў вялікую сярэбраную за тое, што ўмеў цудоўна смажыць крадзеных гусей. Другі меў малую сярэбраную за тое, што атрымліваў з хаты цудоўныя