вы павінны адносіцца далікатна і не распускацца, як басяк, цывільная вы шмотка!
Суровы пан ускочыў з крэсла і, трасучыся ад злосьці, закрычаў:
— Што вы сказалі?.. Я паводжу сябе няпрыстойна?! Вы, здаецца, сказалі, што я?.. Скажыце яшчэ раз!..
— Паскуднік вы, во што, — сказаў Швэйк, гледзячы на яго з дакорам. — Плюе на падлогу, быццам ён у трамваі, у поезьдзе ці ў якім-небудзь публічным месцы. Я заўсёды дзівіўся, навошта ўсюды вісяць надпісы: „Пляваць забаронена“, а цяпер я бачу, што гэта дзеля вас. Вас, відаць, ужо ўсюды добра ведаюць.
Твар суровага пана ўзяўся ўсімі колерамі вясёлкі, і з яго рынула цэлая патока лаянкі ў адрас Швэйка і фэльдкурата.
— Ну, скончылі вы сваю прамову? — запытаў Швэйк, калі незнаёмы зрабіў вымову: „абодвы вы нягоднікі рэзам з сваім фэльдкуратам“. — Ці можа вы маеце што дадаць перад тым, як ляцець з ганкаў?
Але суровы пан так вычарпаў свой запас, што яму ня ўзышло на думку аніводнае больш-менш людзкае лаянкі, і ён змоўк. Швэйк вырашыў, што чакаць далейшых дадаткаў ня варта. Ён рашчыніў дзьверы, паставіў суровага пана тварам да сходаў… і такога ўдару не пасароміўся-б лепшы гулец зборнай футбольнай каманды сусьветных чэмпіёнаў.
Усьлед суроваму пану на сходах прагучэў Швэйкаў голас:
— Іншым разам, калі трапіце ў далікатную кампанію, будзеце паводзіць сябе прыстойна.
Суровы пан доўга хадзіў пад вокнамі і чакаў фэльдкурата. Швэйк адчыніў вакно і наглядаў за ім.
Нарэшце госьць дачакаўся. Фэльдкурат прывёў яго да сябе ў пакой і пасадзіў на крэсла насупраць сябе.
Швэйк моўчкі прынёс плявальніцу і паставіў яе перад гасьцём.
— Што вы робіце, Швэйк?
— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, з гэтым панам ужо вышла тут невялічкая няпрыемнасьць за пляваньне на падлогу.