Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тры. Так заўсёды робіцца. Трапляліся выпадкі, што арыштоўвалі, калі хто не зьдзяваў шапкі. Летась у Жыжкове ксёндз зьбіў сьляпога, які ў гэткім выпадку ня зьдзеў шапкі. Сьляпога апроч таго яшчэ пасадзілі, бо на судзе яму давялі, што ён ня глуханямы, а толькі сьляпы і што званок ён павінен быў чуць і ня ўводзіць іншых у зман, хоць гэта і было сярод ночы. Іншым разам людзі на нас не зьвярнулі-б увагі, а цяпер будуць шапкі скідаць. Калі вы, пане фэльдкурат, не супярэчаце, дык я ўраз здабуду званок.

Атрымаўшы дазвол, Швэйк праз поўгадзіны прынёс званок.

— Гэта ад варот заезднага двара „Крыжык“, — сказаў ён. — Каштаваў мне званок пяць хвілін страху ды яшчэ давялося доўга чакаць — усё народ хадзіў міма.

— Я пайду ў кафэ, Швэйк, — сказаў фэльдкурат. — Калі хто прыдзе, хай пачакае.

Блізка праз гадзіну пасьля таго, як пашоў фэльдкурат, прышоў паджылы чалавек, сівы, з вайсковай паставаю і строгім зіркам. Знадворны выгляд яго паказаў злосную рашучасьць. Было падобна да таго, што яго паслаў лёс зьністожыць нашу няшчасную плянэту і сьцерці яе сьляды з твару сусьвету. Гаварыў ён рэзка, суха і жорстка:

— Дома? Пашоў у кафэ? Казаў — пачакаць? Добра, буду чакаць хоць да самага раньня. На кафэ ў яго ёсьць, а даўгі аддаваць дык няма? А яшчэ ксёндз! Цьфу!

І ён плюнуў.

— Васпан, ня плюйце тут, — сказаў Швэйк, з цікавасьцю гледзячы на незнаёмага.

— І яшчэ раз плюну, бачыце, вось так! — упарта сказаў жорсткі пан, і яшчэ раз плюнуў на падлогу. — Як яму ня сорам! А яшчэ вайсковы ксёндз! Ганьба!

— Калі вы далікатны чалавек, — зазначыў яму Швэйк, — дык павінны пазыцца свае звычкі плюваць у чужой кватэры. Ці можа вы думаеце, што, калі выбухнула вайна, дык вы ўсё можаце сабе дазволіць? Вы павінны паводзіць сябе прыстойна, а ня так, як хуліган. Да людзей, якія вас абкружаюць,