— Пане фэльдкурат! Вышла вялікая памылка! — заявіў Швэйк.
— Я не належу ні да якога веравызнаньня. Не шанцуе мне, дый годзе.
Фэльдкурат зірнуў на Швэйка, з хвіліну змоўчыў, потым палепаў Швэйка па плячы і сказаў:
— Дапіце царкоўнае віно, што там ад мяне засталося, і лічыце, што вы нанава ўвайшлі ва ўлоньне каталіцкае царквы.
РАЗЬДЗЕЛ XII
РЭЛІГІЙНЫ ДЫСПУТ
Швэйк цэлымі днямі, траплялася, ня бачыў ахоўніка салдацкіх душ. Свае духоўныя абавязкі фэльдкурат чаргаваў з гулянкамі і досыць рэдка стыкаўся ў хаце, дый то праходзіў увесь завэдзганы і пакомчаны, нібы мартовы кот пасьля вандраваньняў па стрэхах.
На тыя выпадкі, калі фэльдкурат прыходзіў начаваць дахаты, ён кладучыся спаць, гаманіў са Швэйкам пра высокія матэрыі, пра духоўны экстаз і пра радасьці мысьленьня, а часам спрабаваў імпровізаваць вершамі ці дэклямаваць Гэйнэ.
Швэйк адправіў з фэльдкуратам яшчэ адну палявую імшу у сапёраў. Тады-ж сама ў памылцы запрасілі другога фэльдкурата, былога настаўніка закону божага ў школе, надзвычай набожнага чалавека. Ён надта зьдзіўлена зірнуў быў на свайго колегу Каца, калі той прапанаваў яму глынуць каньяку з швэйкавае фляжкі, якая ў Швэйка пад час выкананьня духоўных функцый заўсёды была напагатове.
— Каньяк ня кепскае маркі, — сказаў Отто Кац. — Выпіце дый едзьце дахаты. Я ўжо спраўлюся тут адзін. Сёньня мне трэба пабыць на сьвежым паветры, а то ў мяне нешта ломіць галаву.
Набожны фэльдкурат паківаў галавой ды паехаў, а Кац спраўляў сваю ролю, як заўсёды, з надзвычайнай удачай. На гэты раз за боскую кроў пашоў крушон, і казаньне задоўжылася больш, як звычайна. Кожнае трэцяе слова ў фэльдкурата было „і гэтак далей“ або „гэта факт“.
— Салдаты! Сёньня вы ад‘яжджаеце на фронт і гэтак далей. Узьнясіце-ж сэрцы вашы да бога і гэтак далей. Гэта — факт.