Ніхто з вас ня ведае, што з ім будзе. Гэта — факт… І гэтак далей.
І з алтара неслася „і гэтак далей“ ды „гэта факт“ на перамену з богам і з усімі сьвятымі. У запале красамоўства фэльдкурат выдаў прынца Аўгена Савойскага за нейкага сьвятога, які будзе ахоўваць сапёраў і іхныя пантонныя масты, адылі палявая імша скончылася бяз усякай спакусы — прыемна і весела. Сапёры пацешыліся, як мае быць.
Паваротам дахаты Швэйка з фэльдкуратам не хацелі ўпусьціць у трамвай са складаным алтаром, дык Швэйк пагразіў кандуктару:
— Глядзі, вось трэсну цябе гэтым сьвятым алтаром па чэрапу!
Дацягнуўшыся, нарэшце дахаты, яны агледзелі, што згубілі дарахранільніцу.
— Дармо, — сказаў Швэйк. — Першыя хрысьціяне правілі набажэнствы і без дарахранільніцы. Даўшы нам у газэту абвестку аб згубе, дык той, хто знайшоў, будзе вымагаць перайма. А каб мы згубілі грошы, дык наўдачу, каб хто нам вярнуў іх. Адылі можна патрапіць і на такога. У нас у палку ў Будэйовіцах быў адзін гэткі: добры хлопец, але дурны. Знайшоў ён неяк сярод вуліцы пяцьсот крон і здаў іх у паліцыю. У газэтах пра яго напісалі: вось, бач, які сумленны чалавек. Ну і набраўся ён сораму. Ніхто з ім не хацеў пасьля гэтага ніякае справы вёсьці. Усе казалі яму: „Дурны, што ты гэта нарабіў? За гэта табе праз усё жыцьцё чырванець прыдзецца, калі ў табе хоць кропля сумленьня высталася“. Была ў яго раней дзяўчына, дык і тая з ім гаварыць перастала. А як прыехаў ён на пабыўку дамоў, дык ягоныя прыяцелі, даведаўшыся пра гэту гісторыю, выкінулі яго пад час скокаў з піўніцы. Хлапец зачаўрыў, пачаў задумляцца і зрэшты кінуўся пад поезд. А вось яшчэ выпадак. Кравец з нашае вуліцы знайшоў залаты пярсьцёнак. Яму раілі не аддаваць у паліцыю, а ён упяўся на сваім. У паліцыі сустрэлі яго ветла, сказалі, што заяву пра згубу залатога пярсьцёнка з дыямэнтам да іх падалі і ўсё іншае. Адылі паглядзелі на камень дый кажуць яму: „Чакай добры чалавеча, ды гэта-ж шкло, а не дыямэнт.