Швэйк лётам лавіў сыгналы і зьяўляўся то па-права то па-лева ад алтара, не вымаўляючы нічога іншага, апроч „і са духам тваім“. Яго бягня вакол фэльдкурата нагадвала індыйскія скокі вакол ахвярніка. Але агулам усё зрабіла дужа добрае ўражаньне і разьвеяла нудоту пыльнага, панурага вучэбнага пляцу, аблямаванага прысадамі сьлівяных дрэў і прыбіральнямі, дух ад якіх падмяняў містычны пах ладану ў готычных храмах. Імша ўвяла ўсіх у добры гумар. Афіцэры, скупаваўшыся каля палкоўніка, расказвалі анэкдоты — усё ішло добрым ладам. Сям-там сярод салдатаў чуць было: «Дай разок пацягнуць!» І, нібы ахвярны дым, узьнімаліся ў неба сінявыя цурочкі табачнага дыму. Закурылі і ўсе унтэр-афіцэры, як убачылі, што сам палкоўнік закурыў.
Нарэшце скамандавалі: „На малітву!“ Узьняўшы пыл, шэры квадрат вайсковых мундзіраў укленчыў перад кубкам паручніка Вітынгэра, які той атрымаў за спаборніцтва на бягню Вена-Мэдлінг.
Чаша праз увесь час была поўная, і кожная фэльдкуратава маніпуляцыя выклікала спагадную крытыку салдатаў.
— Добра глынуў! — пералятала па радох.
Сьвятая цырымонія адбылася двойчы. Потым яшчэ раз скамандавалі: „На малітву“, хор на закуску грымнуў гімн, і, падвоіўшы рады, колёна рушылася ў паход.
— Зьбірайце манаткі, — сказаў Швэйку фэльдкурат, паказваючы на паходны алтар. — Трэба паразвозіць іх туды, адкуль бралі.
Яны паехалі на тым самым рамізьніку і сумленна вярнулі ўсё, апрача пляшкі царкоўнага віна.
Калі яны прыехалі дахаты, і выправілі няшчаснага рамізьніка расквітвацца за язду ў камэнданцкую ўправу, Швэйк зьвярнуўся да фэльдкурата:
— Дазвольце запытаць, пане фэльдкурат, ці павінен быць міністрант таго самаго веравызнаньня, што і ксёндз, якому ён прыслужвае за набажэнствам?
— Бязумоўна, — адказаў фэльдкурат. — Іначай імша лічылася-б несапраўднай.