Старонка:Прыгоды Панаса і Тараса (1912).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— 30 —

каю гарэлкі. Урэшце усе параззуваліся і палягалі спаць.

Назаўтрае, пакуль мазурэ яшчэ спалі, прачнуўся Тарас і будзіць Панаса.

— Панас, Панас! Хутчэй уставай! Будзем сьнеданьне гатаваць.

Панас прахапіўся і думае: „Зноў, пэўна, нейкую штуку прыдумаў мой кум.“

— Ну, Панас! Зьбірай хутчэй усе мазуроўскія хадаке і рэж з іх скваркі, пакуль я агонь распалю.

Распаліў Тарас на прыпяку дровы, паставіў трыножак, нарэзаў на скавараду сала, ўкінуў туды скваркі з мазуроўскіх хадакаў, — пячэ.

Па карчме пайшоў прыемны пах, быццам добрая гаспадыня верашчаку варыць. Сала прабралася да жыдоў у камору і так паказытала ў носе старога законніка Янкеля, што той праз сон аж чхнуў.

А падхартаным мазуром дык пэўна аладкі сьніліся.

Нарэшце, яны сталі прачынацца і, пахлынаючы ў сябе прыемную паветру, пытаюцца:

— Чым гэта так смачна пахне?

А Панас з Тарасам паставілі на стол кварту гарэлкі, смажаніну з хадакоў і клічуць на сьнеданьне усіх мазуроў.

— Ідзеце, — кажуць, — на разьвітаньне пачастуем вас варшаўскімі флякамі.

Уселіся мазурэ за стол. Выпілі па чарцы. Хрумстаюць свае хадаке, аш за вушамі трашчыць! Хваляць Панаса і Тараса, што умеюць так добра флякі гатаваць.

А Панас і Тарас толькі усьміхаюцца. Ядуць сабе сала, а да скварак з хадакоў не дакранаюцца.