з Труса. У гэтай стэрэотыпнасьці лексыкі адбіваецца куды больш сур‘ёзнае зьявішча, якое можа прывесьці творчасьць пачынаючых поэтаў у сапраўдны і безнадзейны тупік. Гэта пагалоўная адсутнасьць у іх культуры працы. Ніводзін з іх не працуе над пашырэньнем сваёй лексыкі, і ўсе іх творы (мы гаворым бадай што пра ўсіх маладых пісьменьнікаў) гучаць прыкрым унісонам. Гэта пагражаючае зьявішча і для ўсёй нашай мовы. Беларуская мова, багатая, мілагучная і гнутная, гатова пад уплывам гэтага перапаласківаньня адных і тых-жа слоў і вобразаў папасьці ў ціну беспадзейнай трафарэтнасьці і затхласьці. І нашай крытыцы і рэдакцыям трэба зьвярнуць на гэта належную ўвагу і паказваць маладым поэтам шлях у напрамку распрацоўкі мовы. Слоўнік жывой мовы павінен быць настольнаю кнігаю кожнага пісьменьніка.
Некалькі слоў аб словатворчасьці. Па прыкладу старэйшых поэтаў пачалі ствараць свае словы і маладзейшыя.
Але ніколі пры гэтым яны ня прымалі пад увагу галоўнага — каб гэты новатвор пры яскравай надворнай форме меў унутраны зьмест. Калі, напрыклад, Дубоўку „цемрашал“, які зьяўляецца літаральным перакладам слова „мракобесие“, адпавядае галоўным умовам стварэньня новага слова, дык нельга сказаць гэтага пра трусовы новатворы. Які сэнс у такіх словах, як „сонцавей“,