IV. Праца Б. Э.-Шыпілы пасьля рэвалюцыі.
Пасьвяцім цяпер колькі ўваг працы праф. Шыпілы ў другі, парэвалюцыйны, пэрыяд яго жыцьця.
Яшчэ падчас вайны, астаючыся на старых сваіх становішчах, Шыпіла, хоць ужо не ў такіх разьмерах, праводзіў яшчэ сваю звычайную беларускую працу. Варункі-ж гэтай працы цалком зьмяніліся і сталіся немагчыма цяжкімі з надыходам і паглыбленьнем вялікай расейскай рэвалюцыі і асабліва рэвалюцыі бальшавіцкай. Дык цалком зразумела, што праца Шыпілы ў між часе 1918-1925 г. спыняецца. Праўда прабываў Шыпіла ў гэтым часе і далей пераважна ў Ленінградзе і далей стараўся праводзіць беларускую працу, але магчымасьці гэтай працы ўжо былі невялікія, а часта й ніякія. Цярпеў у гэтым часе ў Ленінградзе Шыпіла дужа многа і што не памёр з голаду яшчэ тады, гэта заслуга беларускага работніцтва, якое рупліва ім апякавалася. Наагул у гэтым часе аб Шыпіле было ціха і глуха.
Беларускае грамадзянства ізноў даведалася аб сваім нацыянальным павадыры ў 1925 г., калі ў сталіцы Беларусі Менску ў Інстытуце Беларускай Культуры наладжваліся сякія-такія магчымасьці больш-менш нармальнай навуковай працы.