палкі, як гаворыцца ў яе статуце, было: "Выдаваць і пашыраць выданьні беларускія і ўсё, што стыкаецца з жыцьцём Беларусі". Да супалкі гэтай належылі старыя беларускія дзеячы: цяперашні праф. Варшаўскай Політэхнікі В. Іваноўскі, Ант. Трэпка, В. Сталыгва, А. Грыневіч і інш., аднак душой яе быў праф. Шыпіла. Супалка мясьцілася ў ягонай кватэры і ён перадусім рупіўся аб яе дзейнасьці.
Супалка гэта пратрывала да 1913 году. Для беларускай нацыянальнай сьведамасьці і для беларускай культуры, як на пачаткі, даканала яна дужа многа. За ўвесь час свайго шасьцігодняга існаваньня выдала яна 22 беларускія кніжкі, зьместу агульна прасьветнага, сцэнічнага і літаратурнага, а ў ліку гэтых апошніх і большасьць твораў бацькі беларускай прыгожай літаратуры В. Марцінкевіча. Гэта-ж супалка у тым-жа Пецярбурзе ад 1912 г. выдавала беларускі літаратурна-навуковы часапіс — „Маладая Беларусь", які, з бліжэй няведамых прычын, спыніўся ў 1913 г. Часапіс гэты выходзіў непэрыядычна, у меру таго, як быў назьбіраны матар'ял. Усяго „Маладой Беларусі" вышла тры сшыткі па 160 бачын вялікай васьмёркі кожны.