Старонка:Пракосы напамяць (1932).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ад Царыцыну і да Пакроўску
Цераз дым, агнявую пятлю
Мы крышылі буржуйскае войска
За пажары, за кроў, за зямлю.

Можа ёсьць і цяпер тая метка —
Пад Растовам крывавы сумёт…
Мы пайшлі раніцою ў выведку,
Але трапілі пад кулямёт.

Кулі сьвіснулі над галавою,
І адна з іх хапіла плячо…
Я ня чуў, як стаяў нада мною
Атарочаны ў кроў адвячор.

Потым сьветла… Шпітальныя ложкі…
Я прачнуўся, павіты бінтом…
Пяцікутнае зоркі атрожкі
Нагадалі савецкі Растоў.

Значна добра зышло ўсё, нічога…
Вось каб рану загоіць, а там,
Па лясох, па крыжовых дарогах
Мы-б дыхнуць не далі „белякам“.

…Хай ня ўсё гэта выкажуць словы,
Тыя дні будуць памяткай нам,
Каб цяпер мы заўжды нагатове
Мелі шаблю і мелі каня.

Вораг точыць яшчэ злобу потай,
Ён між намі шукае ахвяр,
Ён за нашаю сочыць работай,
Прытаіўшы агідлівы твар.