Гэта старонка была вычытаная
— Добры дзень, мая матуля!
Гэта я… Сяргей, твой сын.
— Ты, сыночак?.. Дагарае
Колер макавы зары,
І ўжо з радасьці старая
Больш ня можа гаварыць.
І ў расчыненую хату
Я іду, як новы госьць.
Як зьмянілася багата,
А ў старых — звычайна пост.
— Ну, расказвай-жа, матуля,
Ці здаровы сёстры, брат,
Ува мне шчэ не заснула
Юных год мая пара.
Я шчэ помню, добра помню
Тую ростань і той дзень…
Асыпала сонца промні
На зямлю і на людзей.
Я ішоў наўгад, сьцягою
Пад абозны скрып калёс.
— Маці, маці, што з табою?
Не шкадуй… Я перанёс…
— Не шкадуй: такіх багата.
Хай ляціць, няхай яно…
На страсе і каля хаты
Вераб‘і ўзьнялі садом.