Гэта старонка не была вычытаная
Хто вас у песьнях апяе
На ліры сумнай пры дарозе?!
Як сьлёзы, жоўтыя лісты
Губляе вецер шумна ў лузе.
Глядзіцца месячык на тын
Зусім спагадліва і дружа.
А там, за хмураю лукой,
Сівыя вербы каля пашы…
............
Над пражай сёстры ля вакон.
І ціха так у хаце нашай.
На лаве маці за сталом
Жуе сухі кавалак хлеба,
А дум над зморшчаным чалом,
А думак больш, як зор на небе.
Скрабецца недзе ў хаце мыш,
І на страсе шуміць салома, —
А ты задумна так глядзіш
Кудысьці ў морак ночы цёмнай.
Няма ніводнага з сыноў,
Яны усе шукаюць долі…
І восень ходзіць за сьцяной,
Лісты губляючы па полі.
Цяпер на нашым на двары
Губляе вяз іх многа, многа…
За ім далёка ў бары,
Як вуж, асеньняя дарога.