Старонка:Пракленашы (1913).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пайшоў да хаты. Па дарозі цікавые разсказы Донькі кружылі яму галаву. Даўно ён чуў пра чырвонага воўка, што пад Піскаваткай ля сасны вартуіць схаваные грошы, але вачыма яго мала хто відзіў. Па расказам яго мог відзець толькі той, хто адважываўся шукаць грошы і падхадзіў а поўначы са шчупам да гэтай сасны. У гэту пару воўк зразу яўляўся і так страшна выў, ляскаў зубамі, што ніхто ня мог паканаць страх і з усіх ног уцікаў.

— Добра было-б дастаць гэтые грошы, але дужа ўжо страшна, думаў Якуб.

Знаў ён многа мейсцоў, дзе схаваны грошы; вот хоць бы сабе пад Баярскім Мастом, ці пад Шалтупьямі каля Залатога Каміня, або на магільніку каля Дзьвіны, ды і так многа дзе, але як іх дастаць, калі ўсюдах нячыстая моц вартуіць іх?

— Добра было-б вынасіць Зьмея, падумаў сабе Якуб, але і тут біда, бо для гэтага трэба дастаць яйка, зьнесінае чорным пітухом, катораму было-б ня меньш сямі гадоў. Яйка тое трэба насіць цэлы год пад пахай і праз гэты тэрмін ні чэсацца, ні мыцца, ні сморкацца і Богу не маліцца, а гэта-ж вялікі грэх.

Якуб быў пэўны, што гэткі зьмей ёсьць у ружапольскага пана с таго, што ідучы раз с карчмы вечарам ён сам відзіў, як агністы зьмей праляцеў ад бору над Шалтупьямі да Ружаполя.