Полацкая зямля - адна з складаных частак Літоўскага вялікага княства, аднак такая, якая захавала нязьменаю сваю праўна-бытавую старасьветчыну. Яе злучанасць з цэнтральнай уладай абмяжоўвалася толькі прызнаньнем сувэрэнітэту вялікага князя, а гэты сувэрэнітэт выяуляуся ў асобе намесьніка ваяводы, якога абірала насельніцтва. Апошні зьяўляўся запраўдным прдстаўніком інтарэсаў Полацкае зямлі, а таксама выяунікам яе політычнага і тэрыторыяльнага адзінства. Насельніцтва Полацкае зямлі мае правы вызначаць вялікаму князю пажаданых яму кандыдатаў на пасаду намесьнікаў-ваявод. Гэтя намесьнікі знаходзяцца на пасадзе да таго часу, пакуль яны "любы" насельніцтву. Намесьнік-ваявода ня можа быць прадстаўніком інтарэсау Полацкае зямлі, калі яго не жадае насельніцтва. Вызначэньне кадыдатаў на пасады намесьнікау-ваявод, а таксама адсылка вялікаму князю паклоннае просьбы ад імя ўсяе зямлі прыпушчаюць функцыянаваньне спэцыяльных устаноў, краёвых соймаў, пастановы якіх зьяўляюцца адбіткам думак усяе Полацкае зямлі. Зразумела, соцыяльны склад такіх краевых соймаў быў даволі абмежаваным. Звычайна, прадстаўніцтва Полацкае зямлі складалася з тутэйшых баяр, а таксама з мяшчан, якія жылі у горадзе. Краёвы сход гораду быў прадстаўніцтвам усяе зямлі, у ім можна бачыць факт захаваньня глыбокае вечавое старасьветчыны.
Намесьнік-ваявода - прадстаўнік улады вялікага князя. Ён адпраўляе суд ад імя вялікага князя. Намесьнік-ваявода адпраўляе суд на месцы.
Вялікі князь ня мае права адпраўляць суду па-за межамі зямлі, калі на гэта ня згодны абодвы бакі. Прынятыя судовыя пастановы не падлягаюць перагляду. Самы суд ваявода павінен адпраўляць не адзін, але "с бояры и мещаны". Ваявода і яго слугі ня маюць права разглядаць у валасьцёх ніякіх судовых спраў. Ваяводзе забараняецца браць падаткі, якія ня вызначаны законамі: "от пригонов городских, - посулов не брати, а по волости нашей воеводе Полоцкому не ездити, а поедет ли коли в ловы ино по станом не дарити". Політычна-праўная залежнасьць ваяводы ад наслеьніцтва зямлі выяўлялася яшчэ і ў тым, што ён прысягаў "што же без их справы полочанина ни в чем не казнити". Такім чынам, полацкі прывілей вельмі яскрава і выразн авыявіў політычна-тэрыторыяльнае адзінства Полацкае зямлі і поўную незалежнасьць у справах унутранага кіраваньня. З гэтага дзяржаўна-праўнага палажэньня Полацкае зямлі выходзіла і абмежаваньне ўлады вялікага князя што да кіраваньня полацкімі валасьцямі і гарадамі. Вялікі князь Літоўскі абавязваўся перад палачанамі "не даритися никому", і, апроч таго, не даваць гарадоў ваяводзе ва ўласнае карыстаньне: "а воеводам городом не дарити". Такім чынам, правы і перавагі ўлады вялікага князя ў адносінах да Полацкае зямлі былі ў значнай меры абмежаваны. Правы вялікага князя сустрэліся з правамі і прывілеямі насельніцтва. Перамагло насельніцтва. Прэрогатывы ўлады вялікага князя зьвязала дзяржаўна-праўная традыцыя краю.
Полацкая констытуцыя, паколькі яна абараняла правы ўзямлі ад магчымых пасяганьняў на яе з боку прадстаўнікоў улады вялікага князя, ахапіла жыцьцё Полацкае зямлі з розных бакоў і тым самым замацавала політычна-праўную старасьветчыну, якая стваралася на працягу сталецьцяў.
Полацкая констытуцыя забясьпечвала насельніцтву права пэтыцыі, асабовую недатыкальнасьць, індывідуальную адказнасьць за злачынствы і дала насельніцтву права вольнага ад'езду за межы Полацкае зямлі "куды кто хочет". Улада вялікага князя абавязана была "силой не держати" таго, хто захоча выехаць, і не рабіць пры гэтым ні-