Перайсці да зместу

Старонка:Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

князя Літоўскага, просячы аднавіць парушаныя правы. Жыгімонт І, у вадказ на гэтыя скаргі, выдаў 27 жніўня 1510 году новы прывілей, у якім пацьвярджаліся нададзеныя раней Полацку правы і прывілеі, а таксама пацьвярджалася падпарадкаваньне суду намесьніка сельскіх путнікаў[1]. Прывілей констатаваў, што, дзякуючы парушэньню праў мяшчан, значная частка іх імкнулася падпарадкавацца гарадзкому суду, а іншыя ішлі ў новыя месцы. Такія ўчынкі мяшчан прыносілі матар'яльную страту і гарадзкому і дзяржаўнаму скарбу, бо зьмяншаўся лік прыбыткаў, якія паступалі на карысьць гаспадара. З другога боку, мяшчане павінны былі выплачваць сярэбшчыну, ад якое баяры і зямляўласьнікі былі звольнены. Зусім зразумела, што шмат хто з мяшчан імкнуўся трапіць пад гарадзкі прысуд, маючы надзею звольніцца ад выплаты сярэбшчыны. Новы прывілей выразна зазначаў, што ўсе мяшчане, якія маюць сталае жыцьцё у горадзе ці жывуць у вёсках каля гораду, а таксама ўсе рамесьнікі падлягаюць суду Майдэборскага права. Каб ухіліцца ад непаразуменьняў на будучыну, прывілей пакідаў за мяшчанамі ўсе купленыя імі землі, за якія яны павінны былі адбываць вайсковую службу.

Гэты самы прывілей, пералічаючы ўсе атрыманыя раней Полацкам правы і перавагі, дазволіў Полацкаму месту пабудаваць 4 гасьціных дамы, куды павінны былі заяжджаць усе купцы, якія тут бывалі, з якое прычыны заезд у прыватныя хаты быў забаронены. Прыбыткі ад гасьціных дамоў падзяляліся на дзьве часткі: палова ішла на карысьць вялікага князя, а палова на ратушу. Дазвол гаспадара на пабудаваньне гасьцінага дому выразна сьведчыў аб узросьце, замежнага гандлю. Такія гасьціныя дамы былі патрэбны як для купцоў, якія прыяжджалі на кірмашы, гэтак і для тых купцоў, што траплялі ў межы Полацкае зямлі праездам, каб папярэдзіць магчымыя незаконныя гандлёвыя ўмовы з боку гэтых апошніх. Новы прывілей дазваляў пабудаваць млын на рацэ Палоце з умовай, каб палова прыбыткаў ішла на замак. Пакідаючы за мяшчанамі права уладаць зямлёй паводле земскага права, прывілей у той-жа самы час вымагаў, каб баяры зьвярнулі назад мяшчанам іх дамы і землі, У выпадку, калі мяшчане прымушаны былі прадаваць пад уплывам гвалту. У сваю чаргу, баяры атрымліваюць у такіх выпадках назад аддадзеныя грошы. Прывілей пералічаў усе грашовыя правы і перавагі, якімі карыстаўся горад на падставе Майдэборскага права.

Дараваньне Полацку Майдэборскага права ўносіла значныя зьмены ў агульны характар Полацкае зямлі. пэўным сэнсе, прывілей на Майдэборскае права парушаў Полацкую констытуцыю. Вось чаму, калі вялікі князь Жыгімонт выдаў, згодна з просьбай усяе Полацкае зямлі, пацьвярджальную Ўстаўную Грамату, то ўсе адбыўшыяся зьмены у організацыі Полацкага места былі ўнесены ў Полацкую констытуцыю[2]. Констытуцыя пацьвярджала, што царкоўныя людзі вольны ад выплаты сярэбшчыны ў той час, калі ўсе тыя, хто займаўся гандлем ды рамесьніцтвам, павінны былі плаціць і сярэбшчыну і ардыншчыну. Констытуцыя пацьвярджала таксама правы мяшчан на ўваход дзеля сваіх патрэб у лясы, якія знаходзіліся каля места. У той самы час быў забаронены мяшчанам уваход у баярскія пушчы. Аднак, калі баярын дазволіць самахоць мешчаніну браць дрэва ў "его борех, и дубровех, и гаях", то такі ўчынак не разглядаецца як незаконны, бо на тое была згода ўласьніка лясоў.

  1. Акты Зам. России, т. ІІ, № 61.
  2. Іbіd., № 70.