Старонка:Плынь (1927).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МАРЫНКА

У Марынкі — нічога, ані!
Як калінка яна — адзінота,
Ні бацькоў у яе, ні радні,
Ёй адно толькі, — жыць ёй ахвота,
Грызьці кніжку, стаяць каля плоту
Ды глядзецца ў ліпнёвыя дні.
Але-ж вочкі ў Марынкі — агні!
Не пазнаеш, — ці сінь, ці чарнота,
Так стаяў-бы, здаецца, ля плоту, —
І ні гуку, ні слова, ані.
Хоць шапнуць ёй даўно ёсьць ахвота,
Што па сэрцу мы, мусіць, зрадні…
Мо‘, як высьветляць ў небе агні,
Ды туманчык пацягне з балота,
Крадучыся, прайду каля плоту,
І, як сьпевы заціхнуць, — ані,
Я шапну ёй, што жыць мне ахвота,
Што праходзяць ліпнёвыя дні.

1926 г.

◆ ◆ ◆