Старонка:Плынь (1927).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

О, мора вольнае! Дай моцы мне душэўнай
Зрабіцца дзіцянём, каб роўна прывітаць
І сініх вод тваіх разгулак песнапеўны
І тых, з кім прыдзецца па сьвеце вандраваць!

Яшчэ наўчы любіць бязьберажжа свабоды
Глыбокіх дум, бяздонных, як і ты,
Закаты гэных дум ды новыя усходы —
Нясьцішна гаманіць у часе цемнаты!

Вось, я гатоў! Ўжо кайстра за плячыма,
Ужо ў руцэ мой падарожны кій!
Жыві, шумі прад сьлёзнымі вачыма,
Нясі, глытай каменьне-круглякі!

Даруй! Іду у край далёкі, родны,
Бо кліча ён да працы ўсіх сыноў…
Каб толькі мне пачуць і там твой сьпеў лагодны,
Твой вольны сьпеў — у гомане лясоў!

1921 г.

◆ ◆ ◆

|}