Старонка:Плынь (1927).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ты зьяеш золатам. Твае нясуцца сьпевы,
Гаворка дзіўная, адвечны гук вякоў;
І у душу маю сумлівыя навевы
Ідуць чаргой, як цені аблакоў…

Усё цікавіць зрок: пахілыя хібаркі,
Чаўны, што заляглі на брэзе адпачыць,
Як самавітыя, бязмоўныя таваркі,
Ды і рыбалка сам, што ў неба тварам сьпіць.

Дзяўчынка на бягу адкінула сарочку,
А шыйка чорная ўжо пырскі мора п‘е;
Браток яе гуляецца ў пясочку,
Далонкай кволаю хваліну мора б‘е.

Няведама яму, што гэта цацка-хваля
Прышла здалёк, з паўднёвых берагоў…
Мо‘ пачалася там, з турэцкага порталя,
А мо‘ бяжыць з Казьбекавых сьнягоў!

Дзіцятку роўна ўсё: вялікае, малое,
Ці сіні акіян, ці дажджавы струмок —
На ўсё аднолькава б‘е сэрца залатое,
На ўсё зьвініць, як срэбра, галасок!