Старонка:Плынь (1927).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ляжала кніжка тут — нявольніца спатканьня, —
Так ухвалілі мы, калі у жыта йшлі,
Але цікаўны том раскрыла нам каханьне,
І колькі ў ім поэм пякнейшых мы знайшлі!

Ці-ж выгін вуснаў тых ня лепшыя два вершы,
З чырвонай літары пачатак вечных слоў?
Сачыстых рытмаў гук: „Ты першы, мілы першы,
Што косы у вянок так няпрыметна сплёў!“

А вочы ясныя — найлепшыя поэмы
З усіх, што праз папер пусьціў машынны друк?
А пасмачкі твае — няпісаныя тэмы?
А жарт, ў два акты жарт каханых сонцам рук?

Хацелі плакаць мы над жудасьцю, над горам,
Што бог, каханьня бог праз нас дае другім,
Але прырода ўся нам пела ў вушы хорам,
І месца ня было ля нас сьлязам благім…

А сёньня я адзін. І могілкамі сталі
І хмаркі ў вышыні, і людзі, і сады…
Дзе ўчора нашае? Дзе вусны, што шапталі? —
І зноў заместа „мы“, — асобна — „я“ і „ты“…

1922 г.

◆ ◆ ◆

|}