Старонка:Плынь (1927).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АПОШНЯЕ „ДАРУЙ“

Само сябе што і ня чуеш, мора!
Ці прывітаю я твае хваліны зноў?
Бязьберажжа твае абшарнае прасторы
Ці дасьць калі прытул выгнаньніку гадоў?

Ад гэных сініх вод павінен я далёка
Падацца аж туды, дзе шапацяць лясы,
Дзе шэпчацца з лазой над возерам асока
Ды па шнурох калышуцца аўсы.

Мой родны край мяне гукнуў да працы,
Як шмат каго з раскіданых сыноў,
Каб з крыўдай, цемраю, нядоляю змагацца,
Каб край ажыў, расквеціўся каб зноў.

Вось я гатоў! Ўжо кайстра за плячыма,
Ужо ў руцэ мой падарожны кій;
Але… ты зіхаціш прад сьлёзнымі вачыма,
І ногі мне сякуць пад пенай круглякі!