Старонка:Плынь (1927).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАШАЯ КРОЎ

У нас, крывічанаў,
Халодная кроў,
Пакуль не захопіць
Да краю любоў.

Як з нашага неба,
З вачэй не пячэ.
Сароміцца думка:
Вось-вось уцячэ!

Валосьсе, — як жыта,
Як золак, — наш твар,
Пакуль на палудзень
Ня ўзойдзе стажар.

Мы самі, як хвойкі,
Бярозкі ў гайку:
Стаім ані чутны
Ў зацішным цяньку!