Старонка:Плынь (1927).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў дарагіх княжацкіх шатах
Елкі важныя стаяць.
Іх выгляд якісь калматы,
Сном зімовым яны сьпяць.

Лес прыбраны, усыплёны,
Закаханы у зіму,
Сьнегам, цішай паланёны, —
Змаляваць цябе — каму!?

Ехаць, ехаць так бясконца,
Слухаць кволыя званы,
Праз чароўныя ваконцы
Бачыць казку, як яны.

Лес глыбокі, лес спрадвечны,
Ты чаму кароткі стаў?
Казка сьнегу, сон баечны,
Што так хутка ты прапаў?

Горад, крамы. Людзі, людзі, —
Фабрык, гандалю сыны…
Ўжо ня поле, — ціснуць грудзі
Вулак гулкія званы…

8-II—1922 г.

◆ ◆ ◆

|}