Старонка:Песня пра цара.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

На святой Русі, нашай матухне,
Прыгажуні такой не знайсці нідзе:
Ходзіць плаўна — нібы лябёдачка,
З-пад брывей зірне — як галубачка,
Слова скажа—салавей пяе,
Гараць шчокі яе ружовыя,
Як зара на небе ранішнім;
Косы русыя, залацістыя,
Кветкамі яркімі перавітыя,
Па плячах бегучы, звіваюцца,
З грудзьмі белымі цалуюцца.
У купецкай сям’і яна радзілася
А завецца Аленай Дзмітраўнай.

Як убачу яе, я і сам не свой:
Апускаюцца рукі дужыя,
Закрывае змрок вочы зыркія;
І журботна мне, праваслаўны цар
Аднаму на свеце блукаці.
Апастылі мне коні лёгкія,
Апастылі ўборы парчовыя,
І не трэба мне залатой казны:
З кім казной сваёй падзяліцца мне?
Перад кім пакажу сілу й здольнасці?
Перад кім ганарыцца мне вопраткай?

Адпусці мяне ў стэпы Прыволжскія,
На жыццё на вольнае, на казацкае;
І складу я там буйную галованьку
Ды складу яе на дзіду басурманскую;
І падзеляць сабе татары няхай
Каня добрага, шаблю вострую
І сядзельца бранае, чаркаскае.
Мае вочы слёзныя груган выклюе,
Мае косці белыя дожджык вымые,
Мой сіроцкі прах разнясуць вятры
На чатыры бакі свету вольнага…

Смеючыся сказаў Іван Васільевіч:
«Ну, мой верны слуга! Я тваёй бядзе,
Твайму гору пасабіць пастараюся.