Старонка:Песня пра цара.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Вось пярсцёнак мой вазьмі яхантавы
Ды каралі вазьмі яшчэ з жэмчуга.
Добрай свацці спачатку пакланяйся
І дарункі пашлі з ёй каштоўныя
Ты сваёй Алене Дзмітраўне.
Панаравішся — быць вяселлейку,
Калі-ж не — тады не гнявіся, брат».

— Гасудар ты наш, цар Іван Васільевіч!
Падманіў цябе твой лукавы раб,
Не сказаў табе праўды шчырае,
Не паведаў табе, што прыгожая
У царкве раней была абвенчана,
Ды абвенчана з маладым купцом
Па закону нашаму, хрысціянскаму…

* * *

Ой вы, хлопцы, грайце — лад вы гуслям дайце!
Ой вы, хлопцы, піце — справу не зглуміце!
Ды пацешце вы добрага баярына
І баярыню яго белатварую.

II

За прылаўкам сядзіць малады купец
Стройны маладзец Сцяпан Парамонавіч,
А па прозвішчу Калашнікаў;
Шаўковыя тавары ён раскладвае,
Словам ласкавым гасцей ён заваблівае.
Серабро і золата пералічвае.
Ды нядобры дзень сёння выдаўся:
Ходзяць міма паны багатыя,
Ў яго крамку на’т не заглядваюць.
Адзванілі вячэрню ў святых царквах;
За Крамлём гарыць зара туманная;
Набягаюць хмаркі на неба,
Гоніць іх мяцеліца, распяваючы;
Апусцеў шырокі гасціны двор.
Запірае Сцяпан Парамонавіч
Сваю краму дзвярыма дубовымі