Старонка:Песня пра цара.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Бо ты родам са Скуратавых,
І сям’ёй узгадован Малюцінай!»…

Адказаў вось так Кірыбеевіч,
У пояс грознаму цару пакланіўшыся:

— Гасудар ты наш, Іван Васільевіч!
Не віні раба ты нявартага:
Сэрца мне майго не заліць віном,
Дума чорная не ўчастуецца!
Калі ў гнеў увёў — воля царская,
Загадай казніць, галаву ссячы;
У цяжар яна плячам волата.
Да зямлі сырой сама хіліцца.

І сказаў яму цар Іван Васільевіч:
«Ды з якіх прычын ты сумуеш так?
Мо’ знасіўся твой дарагі каптан?
Мо’ страпалася шапка сабалёвая?
Мо’ казны ў цябе стала мала ўжо?
Мо’ ззубілася шабля гартаваная?
Мо’ конь захрамаў, блага кованы?
Можа збіў цябе у кулачным баю
На Маскве-рацэ з ног купецкі сын?»

У адказ цару Кірыбеевіч
Паківаў галавой кучараваю:

— Не, рукі такой заварожанай
У баях са мной не траплялася;
Аргамак стэповы мой ходзіць весела;
Нібы шкло гарыць шабля вострая;
А ў святочны дзень тваёй ласкаю
Мы не горш за другіх убіраемся.
Як я сяду, паеду на добрым кані
За Маскву-раку пакатаціся,
Паясом падцягнуся шоўкавым,
Заламлю набок шапку аксамітную,
Чорным собалем скрозь абшытую,—
Каля брам сваіх стаяць тады
Дзеўкі красныя з маладзіцамі,
І любуюцца мной, ціха шэпчучы;
Толькі з іх адна не любуецца,
А стракатай фатой захіляецца…